Зюзя Паазерскi адкрывае музей ёлак, расказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Пастаўскага цэнтра турыстычных паслуг Ягор Шушкевiч.

Персанаж старажытнаславянскай мiфалогii — бажаство холаду i марозу, якога часта называюць прадзедам Дзеда Мароза, — цяпер зможа расказаць усiм сваiм гасцям, адкуль пайшла традыцыя ўпрыгожваць ёлку напярэдаднi Калядаў i Новага года, якiя цацкi былi ў модзе ў канцы ХІХ i ў сярэдзiне ХХ стагоддзя, якiмi паштоўкамi вiншавалi адзiн аднаго пастаўскiя жыхары на працягу стагоддзя. На тэрыторыi маёнтка з’явiлася экспазiцыя, прысвечаная самаму чароўнаму святу — Новаму году.

У гэтым сезоне турыстам давядзецца расхлёбваць кашу, якую заварылi Зюзя Паазерскi i яго сябры — баба Ганна, цётка Завея, баба Напасця, Ледавiк i Агнявiк. Новая анiмацыйная праграма абяцае здзiвiць турыстаў незвычайнымi персанажамi: кашай i кiпячымi бурбалкамi.

Прадзед Дзеда Мароза будзе частаваць сваiх гасцей гарачай зёлкавай гарбатай з самавара, якi распальваецца дровамi, а таксама блiнамi i пернiкамi, спечанымi па старажытных рэцэптах. У сядзiбе зноў будуць працаваць майстэрнi ганчара i рэзчыка па дрэве. Сувенiр ад Зюзi зможа павезцi любы ахвотны.

Да чарговага турыстычнага сезона, якi адкрыецца 19 снежня, абнавiлася Зюзiна карчма.
Тут можна пакаштаваць стравы нацыянальнай кухнi.

Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0