Суд Савецкага раёна Мінска прысудзіў да аднаго года «хіміі» футбольнага заўзятара з Расіі, які збіў машынай дзіця, што выбегла на дарогу. Сваякі рыхтуюць апеляцыю.

Фатаграфія са следчага эксперыменту.

Фатаграфія са следчага эксперыменту.

Аварыя здарылася ў Мінску 11 жніўня 2018 года, каля 16.00. 22-гадовы Кірыл Ляхоўскі ехаў на Chevrolet Orlando па вуліцы Якуба Коласа. Кіроўца наехаў на трохгадовага хлопчыка, які перабягаў дарогу паблізу рэгуляванага пешаходнага пераходу на чырвоны сігнал святлафора.

У выніку ДТЗ хлопчык атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. Праз тыдзень яго выпісалі з лякарні, яго жыццю і здароўю нічога не пагражае.

Кіроўцу ўзялі пад варту

Яшчэ ў ходзе следства абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну, раскаяўся і кампенсаваў маральную і матэрыяльную шкоду бацькам, а таксама кампенсаваў выдаткі на лячэнне дзіцяці.

Бацькі дзіцяці двойчы пісалі хадайніцтва следчаму, у якім прасілі змяніць Ляхоўскаму меру стрымання, паведамлялі, што прэтэнзій да яго не маюць.

Мера стрымання ў ходзе следства была змененая на заклад. Да суда абвінавачаны знаходзіўся ў Мінску і жыў на здымнай кватэры.

Сёння суд Савецкага раёна Мінска прызнаў пецярбуржца Кірыла Ляхоўскага вінаватым у парушэнні ПДР, што пацягнула прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. Згодна з ч. 2 арт. 317 КК Беларусі, яго прысудзілі да аднаго года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі-пасяленні.

На судовае пасяджэнне з Расіі прыязджалі родная сястра Кірыла, яго цётка і дзяўчына.

Сваякі Ляхоўскага не чакалі такога прысуду, улічваючы, што, пасля таго як Кірыла адпусцілі пад заклад, яны «не хаваліся ў Расіі, а сумленна прыехалі на суд».

Родныя Кірылы Ляхоўскага паведамілі, што будуць абскарджваць прысуд у гарадскім судзе Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?