Пяць гадоў таму ва Украіне пачаўся Еўрамайдан — масавы рух, які выступаў за падпісанне Украінай Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам.
Нягледзячы на перамогу Еўрамайдана і падпісанне пагаднення, перспектывы паўнапраўнага сяброўства Украіны ў ЕС застаюцца цьмянымі. Топ-чыноўнікі ЕС заяўляюць, што пытанне сяброўства Украіны не стаіць на парадку дня нават у сярэднетэрміновай перспектыве. Частка грамадзян Украіны, якія мелі завышаныя чаканні ад асацыяцыі з ЕС і спадзяваліся на паўнапраўнае сяброўства, адчуваюць сябе падманутымі.
«Наша Ніва» ў гутарцы з віцэ-прэм'ерам Украіны па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Іванай Клімпуш-Цынцадзэ высвятляла, ці не дэматывуе адсутнасць перспектыў сяброўства Украіны ў ЕС украінскія ўлады і грамадства на правядзенне рэформаў, якія, шмат у чым, праводзяцца па рэкамендацыях самога ЕС.
Віцэ-прэм'ер Украіны па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Івана Клімпуш-Цынцадзэ.
Віцэ-прэм'ер заявіла, што няўпэўненасць ЕС адносна еўрапейскай будучыні Украіны ўскладняе дзейнасць і забірае аргументы ў прыхільнікаў еўраінтэграцыі ва Украіне, а таксама з'яўляецца пажыўным асяроддзем для папулістаў.
«Ідзе вайна, людзі стаміліся, ідзе складаны працэс трансфармацыі. Людзі знясіленыя, яны шукаюць простыя адказы на складаныя пытанні. Таму папулізм ва Украіне мае спрыяльную глебу»,
— сказала Клімпуш-Цынцадзэ.
Аднак яна лічыць, што прынцыпова неабходна пабудаваць Еўропу ва Украіне, каб ні ў каго не было такіх пытанняў, ці павінна Украіна станавіцца сябрам ЕС або не.
На заўвагу карэспандэнта НН, што перспектывы сяброўства краіны ў ЕС залежаць не толькі ад самой Украіны, але і ад унутранага становішча ў ЕС, які сёння аб'ектыўна не гатовы да пашырэння, віцэ-прэм'ер заявіла, што пасля складаных выпрабаванняў, звязаных з BREXIT'ам і міграцыйным крызісам, моц Еўрапейскага саюза будзе толькі павялічвацца.
«Тым больш, мы бачым розныя магчымасці, якія закладзены ўжо існуючым Пагадненнем аб асацыяцыі адносна сектаральнай інтэграцыі Украіны ў еўрапейскія рынкі. Калі мы будзем часткай розных механізмаў, якія без нас будуць горш функцыянаваць, відавочна, пытанне еўраінтэграцыі вырашыцца», — сказала віцэ-прэм'ер.
Яна прызнала, што шмат у чым гэта палітычнае пытанне, а таксама выказала ўпэўненасць, што апетыт для пашырэння ў ЕС ёсць — Клімпуш-Цынцадзэ нагадала пра стратэгію Еўрасаюза адносна інтэграцыі Заходніх Балкан.
«Гэта значыць, што ў нас ёсць абсалютна ўсе магчымасці прэтэндаваць на сяброўства ў ЕС», — падагульніла Івана Клімпуш-Цынцадзэ.