Віталь Цыганкоў. Фота Радыё Свабода

Віталь Цыганкоў. Фота Радыё Свабода

Ну вось і са мной гэта здарылася, упершыню ў жыцьці. Згубіў (скралі) за мяжой дакумэнты.

Чалавек я дастаткова арганізаваны. У дзяцінстве я згубіў неяк ключ ад кватэры, і з тое пары гадоў 40 нічога не губляў, нідзе нічога не пакідаў, не забываў, нічога ў мяне не кралі. Калі куды выходжу, заўсёды правяраю, што дзе ляжыць, ці ўсё я ўзяў, ці ўсё паклаў на месца.

Ну вось і ў паездцы на аўто механізм быў такі — выходзіш з машыны, дакумэнты бярэш з сабой, звычайна я кладу іх у заднюю кішэню штаноў. Але ў той выхад на аўтазапраўцы (дзе, як я перакананы, усё і адбылося) я проста неахайна паклаў дакумэнты ў кішэню курткі, бо выскокваў літаральна на некалькі хвілінаў. Магчыма, увагу злодзеяў магла прыцягнуць яркая вокладка, у якой ляжалі дакумэнты, якая магла нагадваць кашалёк. Праз пару гадзінаў зразумеў, што дакумэнтаў няма. (пашпарт, правы, мэдычная даведка) Грошы не скралі, бо сам кашалёк я падчас «выхадаў» кладу у пярэднюю кішэню штаноў — адкуль яго можна скрасьці, відаць, толькі з геніталіямі)

Напэўна, усё занадта добра складвалася. Паездка ў Лодзь да сыночка на ягоны дзень нараджэньня, настальгічны візіт у Прагу (па мясьцінах ягонага дзяцінства), падарункі, госьці, пакупкі.

Карацей, пачалі паўсюль названьваць. Пазванілі на тую аўтазапраўку, у краму, дзе спыняліся раней, у паліцыю - — польскую і чэскую. Дакумэнты ніхто не знаходзіў, не здаваў. Як рэкамэндуюць розныя тэксты, пайшлі ў паліцыю фіксаваць. У першым аддзеле польскія паліцыянты вельмі ветліва адаслалі нас у іншае аддзяленьне, з забаўнай фармулёўкай, што калі мы жывем (спыніліся у апартамэнтах) па такім-та адрасе, то нам і трэба ісьці ў тое мясцовае адзяленьне. А там ужо паліцыянт быў проста карыкатурай на кепскага паліцыянта з фільмаў — вялізны, тоўсты, грубы і злы) Калі вы думаеце, што такіх не бывае — дык вы памыляецеся, яны існуюць і рычаць на вас з-за вакна. Я думаю, адным сваім выглядам ён адбівае ахвоту падаваць заявы і тым самым паляпшае крымінагенную статыстыку рэгіёна. Ужо сам факт нашага зьяўленьня выклікаў у яго раздражненьне, яшчэ большае заява пра скрадзены пашпарт. «Хто скраў, дзе канкрэтна? На вас напалі, што адбывалася?» Пару рэплік хапіла, каб мы зразумелі, што тут нічога ня сьвеціць.

На наступную раніцу паехалі ў Варшаву ў беларускую амбасаду. Там даволі хутка і без нейкіх праблемаў зрабілі вось гэта дакумэнт — так што сёньня я нават пазваніў у амбасаду, паведаміў, што даехаў дадому, падзякаваў ім за добрае стаўленьне і іхню працу. Забаўна было, як беларускі памежнік наладзіў мне кароткі допыт, з самымі рознымі пытаньнямі, адкуль еду, дзе жыву, што рабіў у Эўропе. Разумею, што гэта іхняя праца, але было троху прыкольна — няўжо нехта адмыслова губляе пашпарты дзеля нейкіх карысьлівых мэтаў. Але пасьля размовы прапусьцілі. Як кажуць, ніколі з такой радасьцю не вяртаўся дадому)

Цяпер мне будзе чым заняцца бліжэйшыя месяцы — аднаўляць пашпарт, візу, правы, мед даведку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?