Канцэрт расійскага гурта IC3PEAK у Мінску адбыўся, нягледзячы на забарону з боку мінскіх ідэолагаў, піша Еўрарадыё.

Першапачаткова музыкі мусілі выступаць у клубе «Бруге». Аднак гарадскія ўлады анулявалі гастрольнае пасведчанне на гэты канцэрт. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на яго было прададзена ўтрая больш квіткоў, чым заявілі арганізатары. 

Увечары 13 снежня іншы мінскі клуб усё ж рызыкнуў даць сцэну расійскім музыкам. На выступ прыйшло каля 150—200 чалавек. Спачатку ўсё ішло добра, але праз некалькі песень у музыкаў раптам выключыліся мікрафоны.

Сярод публікі пайшлі чуткі, што неўзабаве прыедзе АМАП, аднак разыходзіцца ніхто не спяшаўся. Ахоўнікі клуба спрабавалі справадзіць гледачоў, але беспаспяхова. Тады адзін з ахоўнікаў падняўся на сцэну і паспрабаваў звесці Мікалая Кастылёва сілком. Аднак музыка адмовіўся сыходзіць.

IC3PEAK без апаратуры двойчы разам з залай праспявалі «Смерці больш няма», а пасля сыйшлі праз галоўны ўваход у клуб. Разам з імі сыйшлі гледачы. Па стане на 23:30 13 снежня ніхто не быў затрыманы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0