14.12.2018 / 17:32

Пяць прынцыповых момантаў, якія Лукашэнка акцэнтаваў на сустрэчы з расійскімі журналістамі 17

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў традыцыйную прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ. Натуральна, што асноўная гаворка вялася пра няпростыя апошнім часам адносіны Беларусі і Расіі.

Фота president.gov.by.

Беларусь не будзе часткай Расіі

Лукашэнка наўпрост сказаў, што пад выглядам «глыбокай інтэграцыі» Крамлём маецца на ўвазе поўная інкарпарацыя Беларусі. «Я разумею гэтыя намёкі: атрымаеце нафту, але разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расіі», — адзначыў Лукашэнка.

Здаецца, не так часта Лукашэнка наўпрост кажа аб пагрозе незалежнасці з боку ўсходняй суседкі. Пры гэтым ён запэўніў, што суверэнітэт краіны — гэта святое.

«Калі нас хочуць падзяліць і ўпіхнуць у склад Расіі — гэтага не будзе ніколі», — рашуча выказаўся беларускі лідар. «Шантажаваць Беларусь, нахіляць, ставіць нагу на грудзі — бессэнсоўна».

Адносіны з Пуціным застаюцца прахалоднымі

Наступная сустрэча Лукашэнкі і Пуціна адбудзецца 25 снежня ў Маскве. Гаварыць будуць пра той самы славуты падатковы манеўр Расіі. «Каб не было, што кіраўнік здаў Беларусь за «бочку нафты», — адзначыў Лукашэнка.

«Хаця калі шчыра казаць, то і сустрэча можа не адбыццца», — запэўніў ён.

Пры гэтым запэўніў, што ўзнаўляць мяжу з Расіяй не спяшаецца.

Адметна, што Лукашэнка сказаў, што не прасіў ніякіх прабачэнняў у Пуціна за спрэчку на пасяджэнні Вышэйшай еўразійскай рады ў Санкт-Пецярбургу. «Гэта было б ніжэй за мой гонар», — сказаў ён.

Шмат гаварылася пра тое, што расійскія СМІ ствараюць фэйкі пра Беларусь і пра адносіны Расіі з Беларуссю. Лукашэнка нават запэўніў, што чытае некаторыя тэлеграм-каналы.

Лукашэнка хоча далейшых зніжак на газ

«Беларусь выступае за жалезабетоннае выкананне інтэграцыйных прынцыпаў», — калі перакладаць гэты выраз на звычайную мову, то атрымліваецца, што наша краіна і надалей спадзяецца атрымліваць зніжкі на нафту і газ толькі за тыя дакументы, якія падпісваліся яшчэ Лукашэнкам і Ельцыным 20 гадоў таму. Больш глыбокай інтэграцыі Беларусь прапанаваць не можа, ды і не хоча.

«Рашэнні расійскага кіраўніцтва парушаюць дух і літару нашых дамоўленасцяў. Напрыклад, у сферы вызначэння цэнаў на газ», — гэтым сказана фактычна ўсё, што Лукашэнка бачыць пад «інтэграцыйнымі дамоўленасцямі».

Пры гэтым ён кажа, што пакуль рана казаць, што інтэграцыя праваленая, трэба дачакацца сустрэчы з Пуціным.

Вось так выходзіць, што для кагосьці інтэграцыя — гэта танныя энергарэсурсы, а для кагосьці — поўнае аб’ядананне, з адзіным рублём, парламентам і прэзідэнтам.

Саюзны «шэнген», хутчэй за ўсё, будзе

Беларусь зацягвае падпісанне дакументаў аб узаемным прызнанні візаў з Расіяй. Гэта значыць, што чалавек з расійскай візай можа спакойна наведваць Беларусь, а з беларускай — Расію. Але, мабыць, тут адкруціцца наўрад ці атрымаецца.

«Я думаю тут праблем не будзе», — сказаў Лукашэнка. Растлумачыўшы, што Мядзведзеў і Румас не падпісалі гэтую дамову, бо кіраўнік Беларусі пакуль асабіста не вывучыў гэтага дакумента.

Пагрозу ён можа ўяўляць у тым, што Беларусі і Расіі патрэбна будзе ўніфікаваць свае базы неўязных. І, напрыклад, калі чалавеку забаронены ўезд у Расію, а Беларусь супраць яго нічога не мае, то давядзецца ўсё адно даваць адмову.

Расійскай вайсковай базы не будзе

«Ніякія новыя вайсковыя базы тут непатрэбныя», — адрэзаў Лукашэнка. Ён зноў прапанаваў Расіі лепш перадаць у карыстанне Беларусі 20—30 самалётаў, каб беларусы ахоўвалі межы «саюзнай дзяржавы».

Пры гэтым Лукашэнка запэўнівае, што і надалей не будзе браць грошай з тых вайсковых базаў, якія ўжо існуюць на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым кіраўнік краіны сказаў, што Расія адмовілася заключыць з Беларуссю пагадненне аб ядзерным прыкрыцці. «Вось такі ў нас саюз», — развёў рукі кіраўнік краіны.

Зміцер Панкавец

3
Віктар Карнеенка / Адказаць
14.12.2018 / 17:38
Галоўнае добра вядома, што Лукашэнка гаспадар свайму слову. Даў слова, забраў слова.
2
Вожык / Адказаць
14.12.2018 / 17:48
Нешта будзе...
3
Ваўкалак / Адказаць
14.12.2018 / 18:40
«Хаця калі шчыра казаць, то і сустрэча можа не адбыццца», — запэўніў ён.

=========

Вучыцца ў Трампа, гэта добра.

https://nn.by/?c=ar&i=222238

Паказаць усе каментары/ 17 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру