У чацвер у Менску ў Ізраільскім культурна‑інфармацыйным цэнтры адбылася прэзентацыя кнігі «Чалавек, які скраў Сьцяну Плачу».
Яна выйшла ў выдавецтве «Логвінаў» пры падтрымцы пасольства Дзяржавы Ізраіль і яўрэйскага агенцтва для Ізраіля «Сахнут».

Прэзентацыя, між іншым, з’яўлялася апошнім культурным мерапрыемствам у межах кадэнцыі пасла Ізраіля ў Беларусі Зеева Бен‑Ар’е, тэрмін дыпламатычнай службы якога ў краіне завяршаецца ў снежні.

У кнігу ўвайшлі 15 кароткіх апавяданняў 10 вядомых ізраільскіх пісьменнікаў у перакладзе журналіста «НН» Паўла Касцюкевіча.

Сярод іх — апавяданні папулярнага ў беларускага чытача «белага клоуна сусветнай літаратуры» Этгара Керэта, знаёмага па кнізе «Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам», перакладзенай з іўрыта на беларускую мову П.Касцюкевічам; творы лаўрэата многіх літаратурных прэмій Амоса Оза, аўтара раманаў «Мой Міхаэль» і «Аповесць аб каханні і цемры»; апавяданні Меіра Шалева, вядомага далёка за межамі Ізраіля сваім «Расійскім раманам»; а таксама проза сатырыка Эфраіма Кішона, чые творы разышліся па свеце больш чым 40‑мільённым накладам.

Зееў Бен‑Ар’е лічыць, што другі вопыт выдання перакладаў твораў ізраільскіх пісьменнікаў на беларускую мову сведчыць «аб нараджэнні добрай традыцыі нармальнага і неабходнага дыялогу паміж дзвюма літаратурамі». Дыпламат упэўнены «ў жыццесцвярджальнай функцыі нацыянальнай літаратурнай мовы». Ён лічыць, што

такія пераклады прыносяць у Беларусь «смак і дух ізраільскай літаратуры»,
а таксама з’яўляюцца ўнёскам у скарбніцу беларускага прыгожага пісьменства.

Паводле слоў П.Касцюкевіча, любоў сучаснай ізраільскай літаратуры да кароткага апавядання, хутчэй за ўсё, звязана з любоўю яўрэяў да цікавай гутаркі.

Паводле яго слоў, для ізраільскага літаратара напісаць кароткае апавяданне азначае тое ж самае, што са смакам расказаць невялікую, але займальную гісторыю.

«Вось чаму кароткае апавяданне такое запатрабаванае. Прычым ізраільскія пісьменнікі ўкладваюць у кароткі твор надзвычай сур’ёзныя тэмы:
ранімасць чалавечай душы, яе звыкласць да пакутаў, спробы уцёкаў чуллівых сэрцаў з зачараванага кола адзіноты», — сказаў П.Касцюкевіч.

Рэдактар кнігі Валянцін Акудовіч назваў «цудам яўрэйскага народа» дэсакралізацыю іўрыта, які ў XX стагоддзі «ператварыўся з мовы храмаў у мову вуліцы».

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0