Зьменаў у кіраўніцтве Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў не адбылося. Пасьля ўчорашняга зьезду яго па‑ранейшаму ўзначальвае Аляксандар Ярашук.

У зьезьдзе бралі ўдзел каля 100 дэлегатаў з Беларускага незалежнага прафсаюзу, Свабоднага прафсаюзу мэталістаў і Cвабоднага прафсаюзу беларускага.

Бліжэйшым часам структура кангрэсу павялічыцца на яшчэ адзін прафсаюз. Гаворыць старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Васіль Леўчанкаў, які ачольваў рэдакцыйную камісію на зьезьдзе:

«У кангрэс хацеў уступіць прафсаюз РЭП (радыёэлектроннай прамысловасьці), які ўзначальвае Фядыніч.
Мы гэта вітаем, але ж яны падалі заяву толькі 4‑га сьнежня, а зьезд быў сёньня, — за тыдзень толькі. Пры тым яны хацелі, каб мы іх прынялі і яны ўжо адразу дэлегатамі былі. Мы заяву іх разгледзелі, віталі іх намер, натуральна, але ж ёсьць пэўныя працэдуры, якія мы не маем права парушаць».

Аляксандар Ярашук ганарыцца тым, што прафсаюзам удалося застацца ўплывовай структурай:

«Мы сёньня ўжо з’яўляемся арганізацыяй сыстэмнай апазыцыі, якую вымушаны прызнаваць урад,
зь якім мы можам сядзець за адным сталом, дзе вырашаюцца пытаньні сацыяльна‑эканамічнай палітыкі і ўплываць на гэтыя рашэньні. І гэтая сытуацыя патрабуе новай якасьці, і арганізацыі, і прынятых рашэньняў, і стратэгіі і гэтак далей».

Асноўнае, чаго сёньня дабіваюцца прафсаюзы, свабоднага права на стварэньне першасных арганізацый прафсаюзаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?