Вясковец з-пад Нясвіжа павесіўся на шнурках ад ботаў у міліцэйскай машыне? Падрабязнасці шакуючай гісторыі
У Нясвіжы адбыўся надзвычайны выпадак — вясковец быў знойдзены ў міліцэйскай машыне павешаным на шнурках ад ботаў. Першым пра гэта паведаміў блогер Nexta ў сваім тэлеграм-канале.
«Наша Ніва» высветліла падрабязнасці гісторыі. Міліцыя сцвярджае, што гэта было самагубства. Сваякі загінулага ўпэўненыя, што тое дакладна быў не суіцыд.
Загінулага звалі Сяргей Абрамовіч. Яму было 48 гадоў.

Мужчына жыў у вёсцы Слаўкава (гэта некалькі кіламетраў ад Нясвіжа) разам з састарэлым бацькам. Бацька і выклікаў міліцыю на сына ў той вечар.
Адбылося ўсё яшчэ 29 лістапада.
Сяргей Абрамовіч працаваў, па словах бацькі, «у прыватнікаў, лес валіў». З жонкай даўно разышоўся. Часам выпіваў, быў закадзіраваны.
«У той вечар Сяргей з сябрам ездзіў да свайго начальніка, той разлічыўся з імі гарэлкай. Тыя дзве бутэлькі Сяргей выпіў з тым жа сябрам.
Пасля прыйшоў дадому, пасварыўся з татам. Тата ціхенька выклікаў міліцыю», — расказвае Іна, сястра Сяргея. У той вечар яна якраз прыехала да бацькі.
«Прыехала міліцыя, два чалавекі: лейтэнант і прапаршчык. Сяргея забралі», — узгадвае Віктар Абрамовіч, бацька.
Гэта было па абедзе, кажа мужчына, прыкладна паміж 16 і 17 гадзінамі.
А пазней увечары да бацькі прыехалі следчыя і паведамілі: да аддзялення сына не давезлі. Маўляў, павесіўся прама ў міліцэйскай машыне на шнурках ад ботаў. Цела аглядзелі і павезлі адразу ў морг.
Бацька не надта верыць у суіцыд.
«Як можна павесіцца ў машыне? Дый я бачыў цела — мы яго забралі 14 снежня. Не было слядоў на шыі, — сцвярджае Віктар Абрамовіч. — Нехта са следчых прагаварыўся, што сын учыніў бойку ў машыне па дарозе ў аддзяленне».
Не верыць у суіцыд і сястра Сяргея.
«Прыехала машына, новы «УАЗ Патрыёт». Брата забралі. Але павезлі не ў Нясвіж, а ў бок Юшавічаў. Паехалі праз сёлы — нібыта там хацелі праверыць нейкага мужыка, які быў на ўліку.
А на скрыжаванні каля вёскі Пагулянка мой брат раптам аказаўся мёртвым», — кажа Іна.
Жанчына задаецца пытаннямі: ці мусілі абодва міліцыянты выходзіць з машыны? Як і чаму яе брата пакінулі аднаго? Ці не было ў машыне відэарэгістратара? Калі быў, то чаму ёй нічога не кажуць пра гэта?
«У меня ёсць дакументы з морга, копія. Там стаіць: «Прычына смерці высвятляецца».
Мой другі брат, малодшы, загінуў даўно. Ён сапраўды павесіўся. Я бачыла, як выглядае чалавек, які засіліўся. Ён быў сіні, і ў пасведчанні аб смерці тады адразу напісалі «асфіксія», — кажа Іна. — А Сяргея мне не дазволілі адзяваць. Сказалі, што твар пабіты, трэба накласці грым, усё самі зробяць. Адзявалі яго ў моргу. Ці былі сляды збіцця на целе, я не бачыла. Але на шыі не было слядоў.
Ды і знаёмы міліцыянт мне казаў: павесіцца ў машыне амаль нерэальна».
Па словах бацькі, нехта з мясцовых бачыў, як стаіць міліцэйскі «ўазік», каля яго знаходзіліся два міліцыянты, а на зямлі ляжала цела. Бацька мяркуе, што сын мог пачаць бойку, якая скончылася забойствам, можа, і выпадковым, — але тое не быў суіцыд.
Сястра таксама ўпэўненая, што Сяргей памёр не сам, а цяпер міліцыянты «прыкрываюць сваіх»
Цела Сяргея Абрамовіча аддалі хутка. 29 лістапада ён загінуў, 30 цела ўжо аддалі сваякам. 1 снежня Сяргея пахавалі.
Міліцыя паведаміла «Радыё Свабода», што гэта быў суіцыд.
«Гаворка ідзе пра суіцыд, а не пра забойства. Вышуковы аддзел Нясвіжскага раёна праводзіць праверку. Унутраная праверка ў нас таксама праводзіцца, яна на стадыі завяршэння. Але інфармацыя пра забойства трактуецца няправільна. Мы адразу гэта трактавалі як суіцыд», — сказаў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік Мінскай абласной міліцыі Яўген Сачак.
Сястра загінулага Сяргея Абрамовіча кажа, што адзін з тых, хто забіраў яе брата, — міліцыянт з суседняй вёскі Яўгені Додзь.
«Наша Ніва» звязалася з міліцыянтам, але Додзь адмовіўся ад каментароў.
Каментары