20 снежня а 17-й у Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна (Гікала, 4) адбудзецца творчая вечарына «Тры сшыткі» — прэзентацыя «Выбранага» Уладзіміра Мароза ў трох тамах.

Уладзімір Мароз як творчая асоба чалавек шматгранны — паэт, празаік, эсэіст, сцэнарыст, кінарэжысёр. Нарадзіўся ў горадзе Косава Івацэвіцкага раёна ў сям’і настаўнікаў. Па першай адукацыі архітэктар (БПІ, 1975), пасля скончыў літаратурны інстытут імя А.М.Горкага ў Маскве (1983). Працаваў на «Інтэграле», у інстытуце «Мінскпраект», Дзяржкіно БССР, на кінастудыі «Беларусьфільм», у часопісе «Бярозка». Ад 2005 года — вядучы рэдактар студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Больш за трыццаць пяць гадоў яго творчае жыццё звязана з дакументальным кіно. Па сцэнарыях У.Мароза знята звыш 80-ці стужак, звернутых да гісторыі і культуры Беларусі. Яшчэ шэсць фільмаў ён зняў як кінарэжысёр.

Шэраг карцін адзначаны прызамі міжнародных кінафестываляў.

Таксама Уладзімір Мароз — аўтар 25 кніг паэзіі, прозы, эсэ. Сёлета ў выдавецтве «Галіяфы»выйшла яго «Выбранае» ў трох тамах.

У творчай вечарыне возьмуць удзел мастакі Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч, пісьменнікі Зміцер Вішнёў, Міхась Тычына, Барыс Пятровіч, Андрэй Федарэнка, Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Ягоўдзік, мастак і паэт Рыгор Сітніца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0