Скандальны расійскі палітык Уладзімір Жырыноўскі заявіў, што калі Беларусь хоча атрымліваць танны газ, то павінна ўвайсці ў склад Расіі.
Паводле яго слоў, адпаведнае рашэнне павінна зыходзіць ад Мінска добраахвотна. Сваімі разважаннямі палітык падзяліўся на афіцыйным Telegram-канале.
«Мы ніколі не прапаноўвалі сілай дзяліць Беларусь на вобласці і пхаць іх у Расію. Усё толькі добраахвотна. Але трэба зразумець: альбо нашы ўзаемаадносіны рынкавыя, або ўваходзьце ў склад Расіі і атрымлівайце нізкія цэны. А Аляксандр Рыгоравіч хоча ўсядзець на дзвюх табурэтках. І суверэнітэт зберагчы, і атрымаць унутрырасійскія цэны на газ, каб зарабляць на перапродажы. Так не бывае», — выказаўся Жырыноўскі.
Акрамя таго, ён успомніў міф, што СССР нібыта «аддаваў» усе рэсурсы на «ўскраіны», забяспечваючы іх інфраструктурай.
«Я ўпэўнены, калі цяпер правесці ў Беларусі рэферэндум аб вяртанні ў склад Расіі — абсалютная большасць падтрымае гэта. У 1990 годзе за захаванне СССР прагаласавалі 82% беларусаў, больш чым у сярэднім па СССР», — падсумаваў Жырыноўскі.