Shutterstock.com

Shutterstock.com

Брытанскі часопіс The Economist, які штогод яскладае рэйтынг краін, якім удалося дасягнуць найбольшага прагрэсу ў дэмакратыі, прызнаў краінай 2018 года Арменію, піша расійская служба Радыё Свабода.

Свой выбар рэдакцыя патлумачыла тым, што Арменія — «старажытная і часта кепска кіраваная дзяржава, размешчаная ў неспакойным рэгіёне», якой сёлета «ўдалося правесці дэмакратычныя пераўтварэнні, абышоўшыся пры гэтым без ахвяраў».

«Пратэсты, якія ўспыхнулі пасля спробы прэзідэнта Сержа Саргсяна застацца ва ўладзе, дасягнулі сваёй мэты, — адзначае выданне. — Пуцінскі стаўленік быў выгнаны, ніхто не быў забіты, а Расіі не далі падставы для ўмяшання».

У тройцы прэтэндэнтаў на званне «краіны года» былі таксама Малайзія, дзе выбаршчыкі на парламенцкіх выбарах прагаласавалі за апазіцыю, адмовіўшыся падтрымаць партыю прэм'ер-міністра Тун Разака (той не змог растлумачыць, адкуль на яго банкаўскім рахунку апынуліся 700 мільёнаў даляраў), і Эфіопія, дзе да ўлады прыйшоў рэфарматар Абія Ахмед, што вызваліў палітвязняў, даў значную свабоду СМІ і паабяцаў правесці новыя канкурэнтныя выбары ў 2020 годзе. Праўда, як прызнае The Economist, краіна так і не справілася з этнічным гвалтам.

Асобна выданне адзначае, што дэмакратычныя поспехі, дасягнутыя «краінай года», не гарантуюць, што яна не збочыць са шляху прагрэсу ў будучыні. У якасці прыкладаў журналісты прыводзяць леташняга пераможцу Францыю, ахопленую сёння беспарадкамі, і пераможцу 2015 года М'янму, якая «перажывае крывавы рэгрэс».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0