Neupresse.de

Neupresse.de

Аўтар нямецкага часопіса Spiegel, лаўрэат многіх журналісцкіх прэмій Клаас Рэлотыус прызнаўся, што ствараў фэйкі. З часопіса яго звольнілі. Вядомы журналіст прыдумляў дэталі сваіх гісторый, яркія цытаты з неіснуючых інтэрв'ю, у яго гісторыях фігуравалі неіснуючыя персанажы.

Клаас Рэлотыус «фальсіфікаваў артыкулы ў грандыёзных маштабах і нават прыдумляў герояў», — гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле на сайце Spiegel.

Выдумкі ёсць у некалькіх рэпартажах журналіста, у тым ліку матэрыялах, адзначаных узнагародамі, дадалі ў рэдакцыі часопіса. Як прызнаўся журналіст, прыдуманыя факты і каментары ўтрымліваюцца ў 14 яго рэпартажах. У рэдакцыі лічаць, што такіх матэрыялаў можа быць больш.

Сярод матэрыялаў з фэйкаў — артыкул «Апошні сведка» — пра амерыканца, які прысутнічае на смяротных пакараннях у ролі сведкі, «Дзеці львоў» — пра двух іракскіх дзяцей, выкрадзеных баевікамі экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава», і «Нумар 440» — аб зняволеных турмы ў Гуантанама. Усе гэтыя тэксты былі намінаваныя на прэстыжныя ўзнагароды, за некаторыя Рэлотыус атрымаў прызы.

Часопіс Spiegel — адзін з найстарэйшых і самых прэстыжных на планеце. Заснаваны ў 1947 годзе, сёння Spiegel выходзіць накладам каля 725 тыс. друкаваных асобнікаў, у інтэрнэце часопіс кожны месяц чытаюць каля 6,5 млн чалавек. Часопіс вядомы доўгімі і падрабязнымі рэпартажамі і расследаваннямі.

33-гадовы журналіст пачаў сваю кар'еру ў Spiegel пазаштатным супрацоўнікам у 2011 годзе.

За сем гадоў працы ў часопісе Рэлотыус напісаў каля 60 артыкулаў. Многія з іх праўдзівыя, настойвае ён.

У 2014 годзе Клаас атрымаў узнагароду Сі-эн-эн як найлепшы рэпарцёр. У 2013-м, 2015-м, 2016 годзе і 2018-м гадах журналісту ўручалі прэстыжную прэмію Deutscher Reporterpreis. Акрамя Spiegel, ён супрацоўнічаў з многімі іншымі прэстыжнымі часопісамі.

Кропку ў бліскучай кар'еры маладога аўтара паставіла камандзіроўка ў ЗША. Рэлотыусу і яго калегу Хуану Марэна даручылі напісаць пра мексіканскіх мігрантаў і пра тое, як да іх ставяцца ў ЗША.

Пасля таго як Марэна ўбачыў Рэлотыуса ў справе, у яго з'явіліся падазрэнні наконт яго працы. Ён давёў іх да рэдактараў, але тыя не прыслухаліся, і сумесны артыкул быў надрукаваны ў лістападаўскім нумары часопіса.

Тым часам Марэна пачаў ўласнае расследаванне. Для працы над наступным артыкулам ён зноў паехаў у ЗША і арганізаваў сустрэчу з двума людзьмі, на якіх Рэлотыус спасылаўся ў сваім артыкуле.

Аказалася, што гэтыя крыніцы ўвогуле ніколі не сустракаліся з журналістам, гэта значыць, іх словы Рэлотыус выдумаў ад пачатку да канца.

Ён прыдумаў плакат з надпісам «Мексіканцам уваход забаронены», які нібыта бачыў у Мінесоце. Выдумаў Рэлотыус і большую частку свайго матэрыялу аб сірыйскім хлопчыку — гэты яго тэкст незадоўга да скандалу быў адзначаны журы аднаго з нямецкіх журналісцкіх конкурсаў за выдатны стыль.

Клаас звольніўся са Spiegel. У часопісе мяркуюць, што фэйкі маглі ўтрымлівацца і ў артыкулах, якія ён пісаў для іншых СМІ.

Сам журналіст сказаў калегам, што «хворы і мае патрэбу ў дапамозе». Больш разгорнутых публічных каментароў ён пакуль не рабіў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?