21.12.2018 / 13:18

Што такое Jólabókaflóðið, ці Як правесці Каляды па-ісландску 1

Піша ў сябе ў фэйсбуку Дзмітрый Гурневіч.

Хачу Каляды сёлета правесці па-ісландску. Далучайцеся. 24 снежня чальцы сям’і на выспе атрымліваюць у падарунак кніжку. Вечар завяршаецца тым, што людзі ляжаць на канапе, чытаюць і ядуць шакалад. Гэта называецца Jólabókaflóðið (кніжная навагодняя паводка).

Традыцыя гэтая пачалася пры канцы Другой сусветнай вайны. Грошай на святочныя падарункі не было, а папера, няглядзечы на інфляцыю, была даволі таннай. І кніжкі выходзілі вельмі недарагія. Ісландцы з часам, як і беларусы, прывыклі. Кніжкі цяпер ня толькі дараць, але і абменьваюцца імі. Пасля святочнага стала людзі расказваюць за што палюбілі канкрэтную кніжку і складаюць іх у адзін стос. Потым кожны выбірае сабе тую, рэцэнзія якой яго торкнула найбольш.

Да Jólabókaflóðið ісландцы рыхтуюцца ўжо ў лютым. Ісландскае таварыства выдаўцоў разносіць па ўсіх дамах бясплатны кніжны каталог. У ім пералічваецца амаль усё, што на працягу года выйшла на выспе. Чаму б нашым выдаўцам не рабіць тое самае?

Ісландцы ня толькі чытачы, але і самі пісьменнікі. Па статыстыцы, кожны дзясяты ісландзец выдае кнігу. Але адно, думаю, наўпрост звязанае з другім.

Дзмітрый Гурневіч, facebook.com.

0
З-пад Гомля / Адказаць
21.12.2018 / 13:46
Гэта ж крута! Традыцыя, якая аб'ядноўвае. Я за.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру