Аляксандр Лукашэнка правёў сёння працоўную сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі Станіславам Засем, перадае БЕЛТА.

Станіслаў Зась праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб сваіх сустрэчах з кіраўнікамі дзяржаў — членаў АДКБ, якія павінны былі ўзгадніць яго кандыдатуру на пасаду генеральнага сакратара арганізацыі. Такая форма прызначэння была прапанаваная Аляксандрам Лукашэнкам на лістападаўскай сустрэчы прэзідэнтаў у Санкт-Пецярбургу.

Дзяржсакратар Рады бяспекі Беларусі ўжо наведаў Кыргызстан, Казахстан, Таджыкістан і Расію. Кіраўнікі гэтых дзяржаў ухвалілі беларускую кандыдатуру. Аляксандр Лукашэнка таксама афіцыйна падтрымаў прызначэнне Станіслава Зася, падпісаўшы адпаведны праект рашэння Рады калектыўнай бяспекі АДКБ.

«Я раней казаў пра тое, што быў не адзін кандыдат ад Беларусі. Але я спыніўся на прапанове Зася, каб паказаць, калі можна так сказаць, прыклад, што час нам ужо ў гэтай арганізацыі перайсці ад нейкага фармальнага прызначэння былых, адстаўных генералаў (нічога не хачу дрэннага сказаць пра іх) да дзеючых маладых і перспектыўных генералаў, каб надаць значэнне гэтай арганізацыі. Тым больш што мы прызначалі адстаўных генералаў, якія ўжо даўно адышлі ад вайсковай службы, ад палітыкі, але ўсё ж такі гэта ваенна-палітычная арганізацыя «, - растлумачыў кіраўнік краіны сваё рашэнне.

Ён выказаў надзею, што такой практыкі ў будучыні будуць прытрымлівацца і іншыя члены АДКБ пры прызначэнні сваіх прадстаўнікоў на пасаду генеральнага сакратара.

«І, натуральна, гэта адпавядае нашым крытэрам падрыхтоўкі і прызначэння кадраў: прафесіяналізм і любоў да той справы, якой ты будзеш займацца», - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0