Першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын, дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі і бізнэсмен Віктар Пракапеня 21 снежня наведалі школьнікаў з горада Барань і гарадскога пасёлка Балбасава. Яны падарылі вучням 600 планшэтаў.

Фота: ПВТ

Фота: ПВТ

На тэхніцы ўсталяваны спецыяльны дадатак, які распрацавала кампанія Facemetrics (у якую нядаўна інвеставалі Віктар Пракапеня і Саід Гуцэрыеў, сын Міхаіла Гуцэрыева, а таксама Дмітрый Шэленгоўскі), рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій. Абсталяванне кантралюе час работы дзяцей за планшэтам з дапамогай «камп'ютарнага зроку».

Праграма распазнае нават рухі вачэй школьніка і разумее, што той робіць. Умоўна кажучы, каб пачаць нейкую гульню, школьнік мусіць спачатку выканаць хатняе заданне або прачытаць нейкі тэкст для развіцця. Праграма здольная разумець, калі дзіцяці сумна, якія прадметы выклікаюць у яго найбольшае захапленне і гэтак далей. 

Такім чынам дзіця мусіць стымулявацца да вучобы. 

Так выглядаюць тыя планшэты. Каб пагуляць, дзіця павінна пачытаць, напрыклад, беларускамоўную літаратуру.

Так выглядаюць тыя планшэты. Каб пагуляць, дзіця павінна пачытаць, напрыклад, беларускамоўную літаратуру.

Па сутнасці, гэта дабрачынны праект, скіраваны на развіццё дзяцей, якія большасць часу за гаджэтамі праводзяць у гульнях. 

Як нам вядома, агулам закупленыя планшэты каштуюць каля $250 тысяч. 

Але як расказалі «Нашай Ніве» людзі, знаёмыя з сітуацыяй, гэты праект ледзь не сарваўся пры абсурдных абставінах:

справа ў тым, што візіт прадстаўнікоў Фонда Віктара Пракапені ў школы Барані і Балбасава ўжо не першы, бо з першага разу многія бацькі школьнікаў… проста адмовіліся браць тыя планшэты. 

«Калі іх прапаноўвалі першы раз, пачалося неймавернае — бацькі школьнікаў адмаўляліся ад бясплатных планшэтаў пад абсурднымі нагодамі. «Я не буду браць, бо вы потым скажаце, што мы скралі яго і напішаце заяву ў міліцыю. Бо рэч дарагая — як гэта бясплатна?» — казалі яны. Іншыя палічылі, што за іхнімі дзецьмі будуць сачыць, што яны — «палігон», на якім мы адпрацоўваем нейкія шпіёнскія праграмы. Цяжка паверыць у гэта, з такой цемрай мы сутыкнуліся! Па выніку Пракапеня паехаў туды з чыноўнікамі, якія расказалі людзям, што гэта ўсё сапраўды бясплатна і сапраўды для таго, каб іх дзеці вучыліся», — расказалі «Нашай Ніве» крыніцы. 

Бацькі спалохаліся вось гэтай паперы, якую ім далі на подпіс: у ёй папярэджваецца, што праграма будзе фіксаваць твар дзіцяці на відэа і перасылаць яго на сервер — гэта патрэбна для таго, каб штучны інтэлект прааналізаваў рухі вачэй і зрабіў выснову, чым займаецца дзіця, ці сапраўды яно чытала, або проста глядзела ў экран, умоўна. Але мала хто зразумеў сэнс напісанага. 

Выглядае, што з другой спробы і пры дапамозе высокіх чыноўнікаў усё атрымалася.

«Дзеці выглядаюць шчаслівымі», — кажуць тыя, хто прысутнічаў на мерапрыемстве. 

Мы таксама звярнуліся да Віктара Пракапені з просьбай пракаментаваць сітуацыю, ён пацвердзіў згаданыя факты.

«У Беларусі нізкі ўзровень даверу насельніцтва адно аднаму. Важна, што гаворка ідзе не пра ўзровень даверу дзяржаве, а пра ўзровень даверу адно аднаму. Я веру, што гэты давер будзе расці, без яго не бывае росквіту і эканамічнага росту. Вельмі хочацца, каб у нашай краіне ўсе верылі ў тое, што цуды бываюць — хаця б на Новы год!» — сказаў ён. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?