21.12.2018 / 21:17

Названыя найлепшыя спектаклі Беларусі ФОТА 1

У Купалаўскім тэатры прайшла цырымонія ўзнагароджання намінантаў V Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія». Яна ўручаецца з 2010 года раз на два гады.

Віктар Манаеў і «Рэвізор» — пераможцы Нацыянальнай тэатральнай прэміі, фота kupalauski.by

Тытул «Найлепшы спектакль тэатра драмы» дастаўся пастаноўцы «Рэвізор» тэатра імя Янкі Купалы, а Віктар Манаеў удастоены прэміі «Найлепшая мужчынская роля ў спектаклі тэатра драмы» за ролю Гараднічага.

Пераможцай конкурсу «Найлепшая жаночая роля ў спектаклі тэатра драмы» стала Юліяна Міхневіч за ролю Маці ў «Опіуме» (Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн»). 

У намінацыі «Найлепшы спектакль тэатра драмы малой формы» перамог «Метад» Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра.

Найлепшым оперным спектаклем стала пастаноўка «Багема» Вялікага тэатра оперы і балета, а найлепшым балетным спектаклем - «Вішнёвы сад» Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра

Найлепшым лялечным спектаклем сталі «Сёстры Граі» Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка».

А найлепшым спектаклем для дзяцей названа «Калядная гісторыя» Тэатра лялек.

V Рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» праводзіўся з 2 кастрычніка па 21 снежня. Усяго ў адборачных турах прынялі ўдзел 87 спектакляў, у фінал прайшлі 48 пастановак. 

0
Знаёмы / Адказаць
22.12.2018 / 07:44
Рэвізор сапраўды выдатная пастаноўка!! Віктар нашая зорка. У Купалаўскім вельмі моцная трупа!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру