Футбольны клуб «Уніён» з Берліна не мае сур'ёзных дасягненняў і ніколі не гуляў у першай бундэслізе. Падчас берлінскай сцяны «Eisern» (жалезныя, як іх называюць заўзятары) заставаліся ў цені берлінскага «Дынама», што было пад патранажам штазі. А пасля аб'яднання Германіі каманду напаткаў суворы лёс безграшоўя: у сярэдзіне дзевяностых клуб ледзь не збанкрутаваў.

Але галоўным здабыткам «жалезных» заўсёды былі фанаты: яны, якімі б ні былі вынікі, пастаянна прыходзілі на стадыён, а ў 1997 годзе прайшлі маршам праз Брандэнбургскую браму, каб звярнуць увагу на фінансавае становішча клуба. 

Менавіта фанаты прыдумалі традыцыю, якая стала адной з галоўных фішак «Уніёна» і перакачавала на іншыя нямецкія арэны.

У снежні 2003 года на інтэрнэт-форуме фанатаў «жалезных» з'явілася прапанова сабрацца разам і адсвяткаваць Каляды. І 23 снежня 89 фанатаў пералезлі праз агароджу стадыёна і заспявалі на трыбунах калядныя песні.

Ніхто не думаў, што гэтая традыцыя займее працяг, але цяпер Weihnachtssingen (Калядныя спевы) — адна з галоўных падзей у жыцці «Уніёна». Квіткі на цырымонію разлятаюцца за гадзіны, а на стадыён ва ўсходнім Берліне прыязджаюць з іншых гарадоў.

Сёлета калядкі праспявалі больш за 28 тысяч чалавек. Паглядзіце, як гэта было: 

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?