У Мінскім раёне 25 снежня валанцёры пошукава-выратавальнага атрада «Анёл» знайшлі цела 81-гадовай жанчыны з Заслаўя. Жанчына знікла 22 сьнежня каля 16:00 на рынку горада, піша mlyn.by.
Цела жанчыны валанцёры выявілі 25 снежня на заснежанай сцежцы каля чыгуначнага палатна, за два кіламетры ад станцыі «Беларусь» у кірунку Радашковічаў.
Пра гэта распавяла адміністратар «Анёла» Юлія Коўган.
Жанчыну згубіла яе сядзелка. Жанчыны разам прыйшлі на закупы. Сядзелка адвярнулася, каб разлічыцца за набыты тавар, і бабуля ў гэты час знікла. Потым яе ўвечары бачылі ў Заслаўі. Пасля гэтага старая жанчына знікла, пачаліся пошукі. Чаму яна пайшла ў бок Радашковічаў — сказаць цяжка.
Замерзла пенсіянерка, або смерць наступіла па нейкіх іншых прычынах, вызначыць судова-медыцынская экспертыза.
Таксама Юлія Коўган паведаміла, што пошукі Зінаіды Бадун працягваліся 3 дні, яе шукалі каля 30-40 чалавек.