Фота: kremlin.ru.

Фота: kremlin.ru.

Царьград: Надышоў час вярнуць СНД у склад Расіі

Беларусь, апынуўшыся перад выбарам паміж глыбокай інтэграцыяй з Расіяй з аднаго боку і спусташэннем і крахам — з другога, выклікала прадчуванне такога ж канца для ўсіх краін СНД. Настаў час вярнуцца ў склад адзінай краіны, піша расійскі чарнасоценны рэсурс «Царьград».

Надышоў час, калі Расія павінна прапанаваць Беларусі і ўсім краінам СНД вярнуцца ў склад адзінай краіны, сказаў у каментары «Царград» «эксперт» Васіль Калташоў.

Калі б Лукашэнка прывёў Беларусь у склад Расійскай Федэрацыі, яму паставілі б помнікі пры жыцці, ён быў бы фігурай у сусветнай гісторыі, як Багдан Хмяльніцкі, упэўнены «эксперт». У новай дзяржаве ён мог бы стаць старшынёй Думы, займаць пасаду першага міністра, мог бы адказваць за эканоміку, пры гэтым будучы святой, гістарычнай фігурай.

Политаналитика: Мінску трэба пасталець

Стрыманасць беларускага боку сведчыць, што Аляксандру Лукашэнку не ўдалося дабіцца патрэбных яму рашэнняў ад свайго расійскага калегі, піша «Политаналитика». У іншым выпадку можна было б чакаць шматлікіх эйфарычных заяў з боку Мінска.

Становішча беларускага лідара не палягчае і яго нястрыманасць у публічных выказваннях. Але яна ж сведчыць аб тым, у якім цяжкім становішчы знаходзіцца Лукашэнка, піша выданне.

«Калі глядзець на цвёрдасць Масквы, Мінску давядзецца прайсці даўно неабходным яму шляхам здабыцця сталасці і прыняцця на сябе ўсёй паўнаты адказнасці за краіну і яе суверэнітэт, якім беларускія ўлады так ганарацца», — піша «Политаналитика».

Взгляд: Лукашэнка незадаволены вынікамі сустрэчы з Пуціным

«Паколькі з эканамічнага і палітычнага пункта гледжання па выніках сённяшняй сустрэчы нічога не змянілася, беларускіх прапагандыстаў і піяршчыкаў чакае бяссонная ноч. На працягу якой трэба будзе прыдумаць фармулёўкі, якія тлумачаць грамадзянам Беларусі, чаму кіраўніку Беларусі на гэты раз не ўдалося прывезці з Расіі грошай, нягледзячы на першапачаткова высокія стаўкі і гучныя фразы Лукашэнкі »,

— піша «Взгляд».

Супярэчнасці Расіі і Беларусі — пераважна эканамічныя, а не палітычныя, упэўнена выданне. І выкліканыя яны не «новымі людзьмі», а сітуацыяй у свеце, якая прынцыпова змянілася.

Расійскаму прэзідэнту больш не цікава спрачацца з Лукашэнкам пра цану на газ або падатковы манеўр. Ён гатовы абмяркоўваць больш глабальныя праблемы сучаснасці, а не дэталі, якія павінны вырашацца на ўзроўні нават не урадаў, а асобных міністэрстваў і ведамстваў, упэўнены «Взгляд».

Коммерсант: Журналісты ў прэс-цэнтры казалі пра паглынанне Беларусі як пра вырашаную справу

Журналіст расійскага выдання «Коммерсант» адзначае, што ў дзень сустрэчы журналісты ў прэс-цэнтры з упэўненасцю, як пра вырашаную справу, казалі пра тое, што паглынанне Беларусі Расіяй абавязкова адбудзецца, таму што толькі гэта дазволіць Уладзіміру Пуціну вырашыць «праблему 2024».

Яны ўпэўненыя: расійскі прэзідэнт не можа ж у 2024 годзе, як усім вядома, перастаць кіраваць Расіяй, а канстытуцыю ўжо, хутчэй за ўсё, не паспець змяніць, а галоўнае, гэтага нічога і не трэба: у 2024 годзе Уладзімір Пуцін проста ўзначаліць Саюзную дзяржаву, у якой Беларусь фактычна стане суб'ектам Расіі.

Вакол спрачаліся пераважна толькі аб тым, калі гэта здарыцца, і пераважаў пункт гледжання, што калі гэта рабіць, то трэба рабіць проста цяпер.

Life: Захад забівае клін паміж Расіяй і Беларуссю

Ступень узаемазвязанасці эканомік, а таксама геастратэгічнае становішча Беларусі ў якасці заходняга фарпоста Саюзнай дзяржавы робіць краіну чарговым кандыдатам на ўключэнне ў створаны Захадам новы антырасійскі «санітарны кардон» ва Усходняй Еўропе, лічыць скандальнае расійскае выданне Life.

Выданне ўпэўнена, што ЗША і Еўрапейскі саюз не проста змянілі жорсткую рыторыку, скіраваную персанальна супраць Лукашэнкі, але і ўзялі курс на больш актыўную апрацоўку грамадзянскай супольнасці і медыяасяроддзя ў Беларусі.

«Стаўка ў найбліжэйшай будучыні будзе таксама зробленая на актывізацыю і рэсурсную «напампоўку» нацыяналістычных рухаў і арганізацый», — піша выданне.

Захад будзе спрабаваць максімальна раздзімаць магчымыя праблемы ў расійска-беларускіх адносінах, забіваючы клін у самых розных пытаннях, упэўнены Life.

«І ўяўляецца, што адзіным адказам на спробу Захаду стварыць на нашых заходніх межах яшчэ адну недружалюбную дзяржаву якраз і павінна стаць больш глыбокая інтэграцыя»,

— піша выданне.

Рен ТВ: Мінск доўга абыходзіўся пустой рыторыкай

На працягу апошніх амаль двух дзесяцігоддзяў пасля падпісання дамовы аб саюзнай дзяржаве адносіны Масквы і Мінска будуюцца па формуле, шмат у чым прыдуманай Аляксандрам Лукашэнкам, лічыць расійскі канал Рен ТВ.

«Аднак увесь вопыт мінулых гадоў паказвае, што Масква паслядоўна выконвала амаль усе складзеныя дамоўленасці, а Мінск абыходзіўся пустой рыторыкай і пры гэтым яшчэ спрабаваў таргавацца за ўсё новыя і новыя прэферэнцыі», — піша Рен ТВ.

Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы забуксавала практычна адразу, толькі пачаўшыся.

Тэлеканал упэўнены — Беларусь не толькі адмовілася прызнаваць незалежнасць Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і анексію Крыма, але таксама Беларусь актыўна паварочваецца на Захад і пачынае негалосна падтрымліваць праціўнікаў Расіі.

Імкнецца дыстанцыявацца ад Расіі беларускае кіраўніцтва і ў гуманітарнай сферы, лічыць Рен ТВ. Але пры ўсім пры гэтым Лукашэнка працягвае запэўніваць Маскву, што яго трэба лічыць самым блізкім сябрам і саюзнікам.

««Уставаць на грудзі каленам» беларусам у Масквы жадання няма. Але вось выбудаваць проста сумленныя адносіны не перашкаджала б. І для гэтага ў Расіі цяпер ёсць усе магчымасці. У Мінску павінны нарэшце ўсвядоміць, што немагчыма бясконца доўга атрымліваць выгаду на мільярды даляраў, але пры гэтым адкрыта заляцацца да геапалітычных праціўнікаў Расіі»,

— піша Рен ТВ.

Lenta.ru: Лукашэнка кажа пра сяброўства з Расіяй, але шукае апору ў Еўропе

Беларуска-расійская інтэграцыя ў апошні час становіцца найбольш праблемным і нават балючым месцам саюзных адносін. Беларускі лідар усё больш фліртуе з Еўрасаюзам, лічыць папулярны расійскі сайт Lenta.ru.

У масавай свядомасці Беларусь заўсёды заставалася найбольш надзейным і лаяльным партнёрам Расіі сярод усіх постсавецкіх рэспублік. Аднак гэта ніколі не перашкаджала Лукашэнку глядзець і ў іншы бок, упэўнена выданне.

Лукашэнка актыўна супрацоўнічаў з еўрапейскімі партнёрамі. Да праграмы ЕС «Усходняе партнёрства» краіна далучылася яшчэ ў 2009 годзе, адразу пасля яе запуску, аднак заходні вектар беларускай палітыкі па сапраўднаму актывізаваўся пасля падзей на майдане Незалежнасці ў Кіеве зімой 2013-2014 гадоў, піша Lenta.ru.

«У свой час Лукашэнка прыйшоў да ўлады на хвалі непрымання нацыяналістычных тэндэнцый, якія панавалі ў незалежнай Беларусі ў першыя гады яе існавання. Лукашэнка заўсёды ўспрымалі як прэзідэнта, які абапіраецца на інтэграцыю з Расіяй. На пятым жа тэрміне ён ператварыўся ў гаранта суверэнітэту, а дадаткова да гэтага актывізавалася палітыка «мяккай беларусізацыі»»,

— піша Lenta.ru.

Архітэктарам заходняга вектара беларускай палітыкі стаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, упэўнена выданне.

Менавіта гандлёва-эканамічнае партнёрства, на думку Лукашэнкі, павінна стаць драйверам збліжэння Беларусі краіны з ЕС, піша Lenta.ru. Аднак кіраўнік Беларусі удакладніў, што палітычныя і эканамічныя пераўтварэнні ў краіне пачнуцца толькі тады, калі Беларусь убачыць у гэтым фінансавую выгаду. Раніцай грошы — увечары крэслы…

Аднак для далейшага працягу інтэграцыі Лукашэнку неабходна праводзіць палітычныя рэформы, а да змены сваёй сістэмы кіравання ён пакуль што не гатовы, піша папулярны расійскі сайт.

У той жа час для пэўнай часткі беларускіх эліт збліжэнне з ЕС каштоўна само па сабе, а не па нейкіх фінансавых прычынах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?