Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп плануе ў студзені ўвесці рэжым надзвычайнай сітуацыі ў краіне, з-за чаго амерыканскія кампаніі пазбавяцца магчымасці купляць тэлекамунікацыйнае абсталяванне Huawei і ZTE.
Паводле інфармацыі крыніц забарона прапісана ў выканаўчым ўказе Трампа, які разглядаецца ўжо больш за восем месяцаў. Упершыню пра яго паведамляла газета The Wall Street Journal ў траўні.
У дакуменце ўтрымліваецца прадпісанне міністэрству гандлю забараніць амерыканскім кампаніям купляць абсталяванне ў замежных фірмаў, якія прадстаўляюць «значныя рызыкі для нацыянальнай бяспекі». Выканаўчы ўказ можа быць выпушчаны на падставе палажэнняў закона аб надзвычайных міжнародных эканамічных дзеяннях, згодна з якім прэзідэнт можа ўмешвацца ў пытанні гандлю ў адказ на пагрозы для ЗША.
Крыніцы адзначаюць, што праца над тэкстам указу пакуль не завершаная, пры гэтым у ім не будуць прапісаныя меры канкрэтна супраць Huawei і ZTE. Аднак маецца на ўвазе, што чыноўнікі ў Мінгандлі растлумачаць дакумент не на карысць кітайскіх карпарацый.
У выпадку, калі ўлады ўвядуць забарону на куплю тэлекамунікацыйнай прадукцыі Huawei і ZTE, у ЗША можа сарвацца запуск 5G, паколькі буйныя амерыканскія кампаніі цяпер шукаюць партнёраў для закупкі базавых станцый для сетак пятага пакалення. Шматлікія аператары сувязі ў ЗША, якія карыстаюцца таннай прадукцыяй Huawei і ZTE, асцерагаюцца, што з-за распараджэння Трампа ім прыйдзецца адмовіцца ад кітайскага абсталявання без кампенсацыі з боку ўрада.
У жніўні 2018 года Трамп падпісаў закон аб абаронным бюджэце ЗША, у якім змяшчаецца забарона на закупку абсталявання ад кітайскіх кампаній для амерыканскіх міністэрстваў і ведамстваў са жніўня 2019 года. Гаворка ішла пра абсталяванне Huawei і ZTE, а таксама іх даччыных кампаній. У Дэмакратычнай партыі таксама заклікалі сваіх членаў адмовіцца ад выкарыстання кітайскіх смартфонаў. Улады ЗША падазраюць Пекін у выкарыстанні прадукцыі Huawei і ZTE для шпіянажу, кітайскія кампаніі адмаўлялі ўсе абвінавачанні.