27.12.2018 / 14:39

«Сёння маем цікавую тэндэнцыю — беларускі кантэнт расце ў цане» 5

Час, калі беларускі кантэнт каштаваў капейчыну, беззваротна мінае. Газеткі на таннай паперы, самапальныя цішоткі і значкі з «Пагоняю», выданні нікому не вядомых класікаў сучаснасці са слабым пераплётам, якія разваляцца праз тыдзень, — усё гэта сыходзіць у нябыт. Нарэшце! — піша Алесь Кіркевіч на сайце «Белсата».

Сёння мы маем справу з цікаваю тэндэнцыяй — беларускі кантэнт расце ў цане. Гэта і платная падпіска на «Нашу Ніву», і зусім не танныя байкі ад «LSTR», і глянцавая «Наша Гісторыя» за 5 рублёў, і покерныя карты «100 гадоў БНР» за 35… Раней нічога такога немагчыма было сабе ўявіць. Чаму?

Бо беларушчына — увесь спектр выданняў, мэрчу, выканаўцаў і паслуг — каштавалі капейчыну або наагул нічога — зэро. Гэта была гуманітарная місія, маральны абавязак, палітыка, «змагарства», старая з працягнутаю рукою — што заўгодна, але не бізнес.

«Шчыры беларус» паводле логікі 1990—2000-ых быў вечным нонканфармістам з нямытымі валасамі, якога не разумелі суседзі і прадавачкі ў крамах («Мне каву з вяршкамі…» — «Чо?!»), якога выганялі з вучобы і працы, які не мог сябе забяспечыць і прыбіцца ў жыцці да нейкага берагу — чужы на сваёй зямлі. Які бізнес? Якія грошы? Вы пра што? Прадацца? Не-не, прынцыпы…

Марна тлумачыць, што ўсё гэта цалкам бесперспектыўны шлях, які знаходзіў сабе апраўданне ў палітычнай сітуацыі, моўнай мапе краіны, гістарычным мінулым, рэпрэсіях і г. д. Сёння ўсё па-іншаму. Хочаш беларушчыну? Бяры — і плаці. Гэта правільна і павышае якасць таго, што ты атрымаеш на выхадзе.

Канечне, увесь гэты час былі аб’ектыўныя фактары, якія тармазілі развіццё нацыянальных працэсаў. Гэта і адукацыйная палітыка, і «саўковае лобі» ва ўладзе. Нацыянальная плынь была змушаная прабіваць сабе дарогу скрозь вострыя камяні рэальнасці — інерцыю постсавецкага грамадства і бескампраміснасць прарасейскіх функцыянераў у важных кабінетах.

Але давайце на хвілінку ўявім, што саўковы механізм быў бы наўпрост перафарбаваны ў нацыянальныя колеры. Школьнікаў бы заганялі ў такі ж ліпавы і мёртванароджаны БРСМ, толькі пад бел-чырвона-белым сцягам. На парад 8 верасня выходзілі б убеленыя сівізною ветэраны «Адраджэння» ў чаканні кветачак ад першакласнікаў. На «лексусах» рассякалі б па Менску настаяцелі ды епіскапы аўтакефальнай БПЦ… Тая ж самая вертыкаль, той самы савок, але ў вышыванцы.

Каму тое трэба? У ХХІ ст. — ужо нікому. У свеце, дзе перамагае здаровая канкурэнцыя, прыватная ініцыятыва, новыя ідэі, падыходы, тэхналогіі, нацыянальны нафталін нічым не лепшы за саўковы. Каштоўнасць мае не статыка, а дынаміка, не настальгія (па ВКЛ ці СССР — няважна), а футурызм.

Да чаго гэта ўсё? А да таго, што сёння мы маем вельмі крутыя шанцы на сонечнае заўтра. Нашыя нацыянальныя праекты прайшлі праз мясарубку, а значыць — натуральны адбор. І таму менавіта гэты мэрч, музыка, інфармацыя каштуюць грошай, гэта нармальна. А ўявіце, якім пышным цветам расцвіце нацыянальна арыентаваны бізнес у больш ліберальных умовах!.. І каштаваць будзе яшчэ больш — і гэта крута!

Урэшце, што такое грошы? Эквівалент сацыяльнай значнасці прадукту, які ты ствараеш, толькі і ўсяго. Калі на яго няма попыту, ён нічога і не каштуе. А калі ты людзям не распавёў, чаму твой прадукт цікавы і важны, — гэта твая праблема, а не праблема людзей. Ну, добра, параўнанні з бізнесам ужо нагналі аскомы, але яны працуюць, што зробіш. Гэта рэальнасць. А рэальнасці не варта баяцца, з ёю трэба працаваць.

3
Базыль / Адказаць
27.12.2018 / 15:49
Крыху надумана і выссана з кцюка. Быў бы кантэнт добры, які можна набыць - набудуць, як і набывалі раней, нават калі ён не танны. А калі гэты кантэнт нават у Мінску не заўсёды знойдзеш, не кажучы пра мястэчкі, дзе набываць трэба праз знаёмых са сталіцы.
Куплялі НН у Мінску і ў абластных гарадох, калі яна траплялася, а калі яе няма у шапіку, то яе і па "прэстыжных" коштах не набудзеш. 
Аўтар блытае кошт і карыснасць. Сувеніры і раней каштавалі не заўсёды танна. Але ж яны аніякай ужытковай ці інфармацыйнай карысці не маюць. Тыя ж карты з Макарам Краўцовым у выглядзе джокера - сувенір, ніхто гуляць імі не будзе (за 35 рублёў). Раскупіцца, магчыма, як падарункавы. І прадавацца будзе толькі ў Мінску ў адной краме. 
А радавацца і пляскаць у далоні пакуль што ранавата.

2
Алесь Белы / Адказаць
27.12.2018 / 20:59
неяк зарана трыюмфаваць. Фальстарт
4
Ёпрст / Адказаць
28.12.2018 / 19:16
Вы хлопцы жадаеце усё і адразу. Кіркевіч аналізуе дакладна. Беларушчына ідзе не ад Пазьняка, ці ад іншых палітыкаў, яна ідзе знізу. У гэтым менавіта і галоўнае! І ідзе таму, што люду паспалітаму трэба самаідэнтыфікацыя, самапавага! Ну не з балота мы усе выйшлі і наша гісторыя для шмат каго - гэта гісторыя еўрапейскай рыцарскай парламентскай краіны! Адны Скарына, Сапега і Касцюшка чаго каштуюць!
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру