На канале @metro_3d_line на сэрвісе Medium з'явіўся падрабязны аналіз трэцяй лініі мінскага метро. Дзе пабудуюць станцыі?

* * *

У сеціве з’явілася шмат новай інфармацыі адносна паўночнай часткі трэцяй лініі Мінскага метрапалітэну. Прыйшоў час разабрацца ў ёй больш дэтальна.

Дзе?

Для пачатку  —  мапа паўночнай чаргі будаўніцтва.

Схема другой чаргі будаўніцтва. Усе назвы і нумары станцый — сапраўдныя і зацверджаныя

Схема другой чаргі будаўніцтва. Усе назвы і нумары станцый — сапраўдныя і зацверджаныя

Другая чарга складаецца з сямі станцый, агульная працягласць —  8.55 км. Яна звяжа Юбілейную плошчу з раёнамі Камароўкі, Сельгаспасёлка і Зялёнага Лугу.

Траса чаргі праходзіць праз Свіслач паміж станцыямі «Прафсаюзная» і «Пярэспа». Злучэнне з іншымі лініямі ўчастак будзе мець толькі ў будучыні на станцыі «Парк Дружбы народаў» (перасадка на 4 лінію).

Разглядзім больш падрабязней праект і размяшчэнне кожнай станцыі.

Увага! Усё, што вы прачытаеце далей,  —  толькі ўласныя меркаванні і здагадкі аўтараў артыкула. У рэчаіснасці ўсё можа быць па-іншаму!

ст. «Прафсаюзная»

Перш чым абмяркоўваць праект самой станцыі, трэба распавесці пра злучэнне гэтай часткі лініі з дзейным (на той момант) метрапалітэнам.

Да станцыі «Прафсаюзная» будзе ісці два тунэлі, якія плануецца пракласці пад вуліцай Мельнікайтэ прыкладна ад будынка «Тэхнабанка» да самой станцыі, якая змесціцца на скрыжаванні вуліцы Мельнікайтэ і праспекта Пераможцаў.

Схема злучэння «Прафсаюзнай» з першай чаргой

Схема злучэння «Прафсаюзнай» з першай чаргой

Амаль адразу пасля грамадскага абмеркавання праекту падаўжэння лініі ў Тэлеграм-чаце Минск: цвет настроения желтый з’явіліся больш падрабязныя схемы станцый другой чаргі. Вось, напрыклад, схема «Прафсаюзнай».

План станцыі «Прафсаюзная» на мясцовасці

План станцыі «Прафсаюзная» на мясцовасці

Хутчэй за ўсё, участак паміж тупікамі і «Прафсаюзнай» будзе будавацца немеханізаванымі шчытамі, якія могуць стартаваць з невялічкай будпляцоўкі каля «Тэхнабанка» або з будпляцоўкі «Прафсаюзнай».

Гледзячы на схемы, можна пабачыць, што нас чакае вельмі вялікі перапад вышыняў паміж Юбілейнай і Прафсаюзнай. Па словах чалавека, які выклаў фота,  —  перапад складзе каля 45 праміле (~2°). Праз гэта, як ён сцвярджае, тунэлі могуць будаваць адкрытым спосабам. Калі так адбудзецца, то вул. Мельнікайтэ будзе перакрыта амаль уся, а будаўніцтва зацягнецца на гады, таму што глыбіня станцыі «Прафсаюзная», куды будаўнікам патрэбна будзе спусціцца , —  12 метраў.

У любым выпадку, абедзве будпляцоўкі будуць існаваць падчас будаўніцтва, а гэта значыць, што вул. Мельнікайтэ дакладна будзе перакрывацца. А як  —   дакладна даведаемся падчас будаўніцтва.

Крыху пра праект станцыі. Яна будзе нагадваць станцыі «Міхалова» і «Немаршанскі сад»  —  шматпавярховая, кампактная, эскалатары па цэнтры станцыі. Вестыбюль у станцыі будзе таксама адзін. А вось выхадаў з падземнага пераходу будзе тры: адзін да цэнтральнага ўваходу Дома прафсаюзаў, два другія  —  на іншы бок вул. Мельнікайтэ.

Падоўжаны разрэз станцыі «Прафсаюзная»

Падоўжаны разрэз станцыі «Прафсаюзная»

Ст. «Пярэспа»

Станцыя названая ў гонар раёна старога Менска з той жа назвай, які ў сваю чаргу так назвалі ў гонар ракі Пярэспы.

Станцыя будзе змяшчацца на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Крапоткіна.

Але спачатку  —  пра тунэль «Прафсаюзная» — «Пярэспа». Адразу пасля «Прафсаюзнай» ён перасякае Свіслач (таму станцыя і такая глыбокая). Перасячэнне, хутчэй за ўсё, будуць рабіць адкрытым спосабам з перакладкай рэчышча ракі ў трубы, пракладзеныя па беразе ракі. Такім чынам, рака ў месцы перасячэння з метро будзе асушана. Пасля гэтага, хутчэй за ўсё адкрытым спосабамЮ будуць пракладзеныя тунэлі, а пасля над імі збудуюць бетонную пліту шырынёй каля 40 м для абароны тунэляў ад уздзеяння ракі. З-за ўсяго гэтага чакаецца частковае перакрыццё праспекта Пераможцаў на скрыжаванні з вул. Мельнікайтэ.

На другім беразе ракі, хутчэй за ўсё, будзе мантажная камера механізаванага шчыта   —  там для яе дастаткова месца (але і магчымы варыянт, што шчыт будзе стартаваць адразу з «Прафсаюзнай»). Таксама па плане на трасе гэтага ўчастку будзе пабудавана венткамера ,  таму магчымыя вырубкі ў скверы каля гатэля «Беларусь».

Схема будаўніцтва тунэляў «Прафсаюзная» — «Пярэспа»

Схема будаўніцтва тунэляў «Прафсаюзная» — «Пярэспа»

Будпляцоўка самой станцыі закране рух па праспекце Машэрава. Гэта важная для горада магістраль, таму, каб не перакрываць па ёй рух поўнасцю, можа быць закранута трамвайная лінія. З-за гэтага часова (гады на 3—4) будзе адменены рух трамвайных маршрутаў да «Возера».

Праект станцыі «Пярэспа» не дужа адрозніваецца ад праекту «Прафсаюзнай»  —  таксама шматпавярховая, таксама эскалатары ў цэнтры. Глыбіня  —  таксама каля 12 метраў. Выхадаў з падземнага пераходу будзе чатыры  —  па два на кожны бок праспекту Машэрава.

Ст. «Камароўская»

Станцыя месціцца на скрыжаванні вуліц Веры Харужай і Максіма Багдановіча.

Месца на гэтым скрыжаванні зусім няшмат, таму пры самым аптымістычным варыянце на 3—4 гады вул. Веры Харужай будзе перакрыта цалкам, а вул. М. Багдановіча пусцяць у завужаным варыянце. У песімістычным варыянце скрыжаванне ў гэтым месцы будзе цалкам перакрыта, а значыць, павялічыцца нагрузка на вул. Куйбышава.

Праект станцыі «Пярэспа» падобны на праекты вышэйзгаданых дзвюх станцый  —  таксама шматпавярховая, таксама эскалатары ў цэнтры. Відавочна, што праект спадабаўся метрабудаўнікам за сваю кампактнасць, адносную таннасць і хуткасць будаўніцтва. Глыбіня  —  таксама каля 12 метраў. Выхадаў з падземнага пераходу будзе чатыры  —  па адным на кожны з бакоў скрыжавання.

Ст.м. «Парк Дружбы народаў»

Станцыя будзе знаходзіцца проста пад плошчай Бангалор.

План станцыі «Парк Дружбы народаў» на мясцовасці

План станцыі «Парк Дружбы народаў» на мясцовасці

Плошча Бангалор — важнае месца для горада, таму цалкам яго перакрываць не будуць. Хутчэй за ўсё, нас чакае такое ж паўкруглае скрыжаванне, як зараз на плошчы Францішка Багушэвіча. Для арганізацыі такога руху, хутчэй за ўсё, будуць спілаваныя амаль усе дрэвы, якія стаяць уздоўж скрыжавання.

Праект станцыі адрозніваецца ад вышэйзгаданых. Станцыя будзе мець два выхады, абодва  —  з лесвіцамі. Глыбіня  —  каля 7 метраў. Наконт тыпу станцыі (аднаскляпенная ці калонная) пакуль нічога невядома.

Калі выхадаў будзе два, то і падземных пераходаў таксама будзе два. Першы будзе знаходзіцца пад плошчай Бангалор і яго выхады (усяго 8) будуць выходзіць на кожны бок плошчы (як на Пушкінскай ці пл. Ф. Багушэвіча). Другі пераход з’явіцца на поўначы плошчы, пад вул. М. Багдановіча каля прыпынку грамадскага транспарту. Выхадаў там будзе таксама чатыры, па два на кожны бок вуліцы М. Багдановіча.

Схема выхадаў са станцый «Парк Дружбы народаў»

Між іншым, на станцыі таксама запланавана перасадка на будучую станцыю чацвёртай лініі  —  перасадачны тунэль каля дома Сурганава, 88 і Службовая злучальная галіна (СЗГ) каля будынка «Макдональдса». Хутчэй за ўсё, падчас будаўніцтва станцый гэтыя тунэлі будавацца не будуць  —  зробяць толькі невялічкія зачыны (як калісьці на «Фрунзенскай» ці «Плошчы Леніна»), якія пры будаўніцтве чацвёртай лініі дапамогуць лягчэй пабудаваць вышэйзгаданыя злучэнні.

На станцыі таксама могуць быць пабудаваны разваротныя тупікі. А над станцыяй запланавана рэканструкцыя плошчы Бангалор з арганізацыяй двухузроўневай развязкі.

Ст.м. «Івана Мележа»

Станцыя названа ў гонар вядомага беларускага пісьменніка Івана Паўлавіча Мележа.

Станцыя будзе размяшчацца на скрыжаванні вуліц М.Багдановіча і Халтурына, але з-за таго, што запланаваны амаль поўны знос Сельгаспасёлка, над станцыяй можа з’явіцца новая вуліца. Верагодна, гэта будзе нават прадаўжэнне існуючай вуліцы Мележа.

План станцыі «Івана Мележа» на мясцовасці

Перад і падчас будаўніцтва станцыі будзе праводзіцца актыўны знос існуючай забудовы, таму з арганізацыяй аб’езду будпляцоўкі праблем узнікнуць не павінна.

Падоўжаны разрэз станцыі Івана Мележа

Праект станцыі зноў падобны на «Міхалова»  —  кампактная, з лесвіцамі ў цэнтры. Глыбіня  —  каля 5—7 метраў. Выхадаў з падземнага пераходу будзе чатыры  —  па адным на кожны з бакоў скрыжавання.

Ст.м. «Зялёны Луг»

Станцыя месціцца пад скрыжаваннем вуліцы Шырокай і першага завулку Кальцова.

План станцыі «Зялёны Луг» на мясцовасці

Побач са скрыжаваннем размешчаны гаражы, якія, верагодна, пацерпяць ад будаўніцтва метро і арганізацыі аб’езду па вул.Шырокай.

Падоўжаны разрэз станцыі «Зялёны Луг»

Праект станцыі  —  зноў клон «Міхалова». Зноў кампактнасць, зноў лесвіцы ў цэнтры платформы. Цікавасць гэтай станцыі таксама ў тым, што яна будзе размешчана амаль на паверхні  —  з-за гэтага пры будаўніцтве будуць рабіць адмысловы насып грунту, а таксама тунэлі ў гэтым месцы пойдуць угору (што, насамрэч, добра).

У дадатак на схеме станцыі на мясцовасці і агульнай схеме ўчастку можна пабачыць, што тунэлі пасля ст. «Зялёны Луг» ідуць крыху направа, а потым рэзка налева. Хутчэй за ўсё, гэта зроблена, каб упісацца ў нарматыўныя радыусы крывых. Таксама з-за гэтага цягнік метро ў гэтым месцы будзе ісці даволі павольна.

Ст.м. «Лагойская»

Канцавая станцыя паўночнага адрэзку трэцяй лініі. Месціцца пад скрыжаваннем Лагойскага тракту і вуліц Гамарніка, Карбышава і Сядых.

План станцыі «Лагойская» на мясцовасці

З-за будаўніцтва станцыі стоадсоткава будзе перакрывацца вышэйзгаданае скрыжаванне. Таксама на 3—4 гады закрыецца рух трамвайных маршрутаў у бок ДС «Зялёны Луг».

Падоўжаны разрэз станцыі «Лагойская»

Станцыя плануецца амаль што самая вялікая на паўночным участку. Верагодней за ўсё, яна будзе калоннага тыпу, праект станцыі будзе нагадваць «Каменную горку» і «Малінаўку». На станцыі запланаваны два выхады са станцыі і па тры выхады на паверхню.

Схема выхадаў са станцыі «Лагойская»

Схема выхадаў са станцыі «Лагойская»

З-за таго, што станцыя канцавая, на ёй будуць пабудаваны разваротныя тупікі. Іх будаўніцтва будзе весціся адкрытым спосабам, таму Лагойскі тракт будзе часткова перакрыты амаль да развязкі з МКАД.

Тунэлі

Будавацца тунэлі будуць трыма стандартнымі для Мінска спосабамі, а дакладней:

  • адкрытым спосабам
  • немеханізаванымі шчытамі
  • механізаванымі шчытамі

Адкрыты спосаб можа прымяняцца, хутчэй за ўсё, на «Прафсаюзнай», тупіках «Парку Дружбы народаў», «Зялёным Лузе» (там, дзе насып) і тупіках «Лагойскай».

Немеханізаваныя шчыты могуць выкарыстоўвацца таксама на «Прафсаюзнай», тупіках «Лагойскай», а таксама на перагонах, дзе вырашаць не выкарыстоўваць механізаваныя комплексы.

Механізаваныя шчыты, хутчэй за ўсё, будуць будаваць амаль усе тунэлі за раз: стартануць з «Прафсаюзнай» і ўперад да «Парку Дружбы народаў», а потым адтуль да «Лагойскай». Канструкцыі прамежкавых станцый і існуючы вопыт (будаўніцтва ст.м. «Плошча Францішка Багушэвіча») дазваляюць гэта зрабіць. Але згодна з наступнай схемай, якая вісела некалькі год таму на адным з мерапрыемстваў, шчыты плануецца вымаць з зямлі кожную станцыю, што даволі неэфектыўна і павольна.

Графікі будаўніцтва аб’ектаў трэцяй лініі

Графікі будаўніцтва аб’ектаў трэцяй лініі

Калі?

Гледзячы на існуючыя графікі і тэмпы будаўніцтва метро ў Мінску, нават улічваючы магчымасць пакупкі другога механізаванага шчыта, будаўніцтва можа пачацца ў 2019—2021 гадах, а канчаткова гэты ўчастак можа быць пабудаваны паміж 2029 і 2033 гадамі.

Але паўночны ўчастак не будзе здадзены адразу ўвесь. Магчымасці Мінскметрабуду на дадзены момант дазваляюць здаваць максімум 4 станцыі за раз. Таму, верагодна, станцыі «Прафсаюзная», «Пярэспа», «Камароўская» і «Парк Дружбы народаў» будуць складаць першую чаргу будаўніцтва і будуць здадзены ў 2025—2027 гадах. З-за гэтага на станцыі «Парк Дружбы народаў» могуць пабудаваць разваротныя тупікі, што пацягне за сабой дадатковыя закрыцці руху па вул.М.Багдановіча.

Другую чаргу будаўніцтва будуць складаць станцыі «Івана Мележа», «Зялёны Луг» і «Лагойская», якія адкрыюцца ў 2029—2033 гадах.

Вынік

Метро ў Мінску будуецца, і гэта добра. Канечне, было б яшчэ лепей, калі б разам з метро развіваліся і іншыя хуткасныя віды транспарту (гарадскія лініі, хуткасны трамвай і інш.), але што маем…

Шмат пытанняў выклікае і траса лініі, і частае прымяненне праекту станцыі з лесвіцамі ў цэнтры, але на гэта ёсць адзін адказ:  уся трэцяя лінія будуецца на перспектыву і не разлічана на вялікі пасажырапаток. У дадатак траса трэцяй лініі амаль не змянялася з 1980-х, таму што, згодна з гэтай схемай, у горадзе рабілі патрэбныя землеадводы.

Згодна з нядаўнім дакументам, сучасныя праекціроўшчыкі прапаноўвалі іншую трасу паўночнай чаргі  —  яна б зрушылася крыху правей і прайшла б пад вуліцамі Куйбышава і Бяды. Але аўтары дакументу вырашылі, што такое будаўніцтва прынясе толькі больш праблем і падчас будаўніцтва, і падчас эксплуатацыі.

Рэндары станцый павінны з’явіцца ўжо даволі хутка. Мяркуючы па мінулых гадах, гэта павінна адбыцца недзе ў 2020-м.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?