27.12.2018 / 18:48

У Пінску вызначылі пакаранне дырэктару школы за пабоі вучням

27 снежня пінскі суд абвясціў аб пакаранні дырэктару сярэдняй школы № 18 Фёдару Радзіону, які абвінавачваўся ў наўмысным прычыненні цялесных пашкоджанняў. Пра гэта паведаміла Tut.by пінчанка Кацярына Ціханчук, якая праходзіла па справе як пацярпелая.

Уваход у пінскую школу № 18. Фота: Tut.by.

Суд прызнаў дырэктара вінаватым і прызначыў 15 базавых велічынь штрафу — 367,5 рублёў.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Нагадаем, у верасні ў двары школы № 18 Пінска паўстаў канфлікт паміж дырэктарам Фёдарам Радзіонам і двума хлопчыкамі — сынам Кацярыны Мішам і Дзянісам Жуком. Вучні на скейтах і самакаце каталіся на ганку навучальнай установы. Супрацоўнікі школы спрабавалі іх прагнаць, тыя папрасілі паклікаць дырэктара. Версіі пра тое, што было далей, разыходзяцца. Родныя хлопцаў запэўнівалі: дырэктар выйшаў, схапіў іх сыноў, «як кацянят», і сутыкнуў галовамі. Блізкія кіраўніка называлі сутыкненне выпадковым.

Следчы камітэт правёў праверку, але складу крымінальнага злачынства не знайшоў. Тады міліцыя накіравала матэрыялы адміністрацыйнай справы ў суд.

Фёдару Радзіону ставілася ў віну тое, што 11 верасня, знаходзячыся ў прыёмным 2-га паверха школы № 18, ён рукой хапаў за правую руку Ціханчук Кацярыну і наўмысна прычыніў ёй цялесныя пашкоджанні ў выглядзе сінякоў на вонкавай паверхні правага пляча і перадплечча. Акрамя таго ён рукой схапіў за шыю старэйшага сына Кацярыны Андрэя і прычыніў цялесныя пашкоджанні ў выглядзе сінякоў на правай і левай паверхні шыі.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру