27.12.2018 / 23:12

Цяпер іпэшнікі будуць рабіць узносы ў ФСАН толькі за той час, калі атрымлівалі даход

Індывідуальным прадпрымальнікам, натарыусам і адвакатам дазволілі плаціць узносы ў ФСАН прапарцыйна адпрацаванаму часу. Змены прадугледжаныя ўказам № 500 «Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні», які 27 снежня падпісаў прэзідэнт. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Новаўвядзенні таксама з'явіліся для работнікаў, што працуюць у замежных арганізацыях на тэрыторыі Беларусі, для самазанятых, а таксама некаторых іншых катэгорый грамадзян.

Самазанятыя змогуць збіраць на пенсію праз узносы ў ФСАН

Прэзідэнцкім указам дазволілі самазанятым беларусам, якія займаюцца непрадпрымальніцкай дзейнасцю, выплачваць узносы ў ФСАН і забяспечваць сабе працоўную пенсію. Пры гэтым выплата страхавых узносаў для самазанятых будзе добраахвотнай.

Да зменаў у самазанятых не было магчымасці плаціць адлічэнні ў ФСАН — яны не могуць разлічваць ні на бальнічны, ні на дапамогу па доглядзе дзіцяці, ні на пенсію. Гэта пытанне стала яшчэ больш актуальным з кастрычніка мінулага года, калі пачаў дзейнічаць прэзідэнцкі ўказ, які пашырае спіс відаў дзейнасці, для заняцця якімі фізічным асобам не трэба рэгістравацца ў якасці ІП пры ўмове выплаты адзінага падатку.

«Не працуеш — не плаціш»

ІП, натарыусы і адвакаты будуць выплачваць унёскі ў ФСАН толькі за перыяд фактычнага ажыццяўлення сваёй дзейнасці з атрыманнем даходу. Нагадаем, раней самі ІП прапаноўвалі плаціць унёскі ў ФСАН прапарцыйна адпрацаванаму часу.

Цяпер яны павінны плаціць узносы незалежна ад таго, працуюць яны або сышлі, напрыклад, на вакацыі. Мінімальная сума, якую прадпрымальнікі павінны ўнесці ў ФСАН, складае 35% ад мінімальнага заробку — 29% на пенсійнае страхаванне + 6% на сацыяльнае страхаванне. Напрыклад, за 2017 год — 1113 рублёў (або па 92,75 рубля ў месяц). Для разліку за мінулы год бярэцца мінімальная зарплата 265 рублёў (з 1 студзеня гэтага года яна вырасла да 305 рублёў). Магчымасцю ўносіць большыя сумы ў фонд, каб на пенсіі атрымліваць пабольш, карыстаюцца толькі каля 5% ІП, астатнія выплачваюць па ніжняй планцы. Многія ІП атрымліваюць невялікія выплаты на пенсіі.

Але прадпрымальнікам трэба ўлічваць адзін важны момант: у страхавы стаж будуць залічвацца толькі перыяды, пацверджаныя выплатай узносаў.

Што яшчэ змянілі ўказам прэзідэнта?

Прэзідэнцкім указам № 500 таксама ўрэгулявалі пытанні забеспячэння праў і гарантый у галіне дзяржаўнага сацыяльнага страхавання асоб, якія працуюць у замежных арганізацыях на тэрыторыі Беларусі, і грамадзян, якія апраўданыя судом і крымінальны пераслед супраць якіх спынены.

«Акрамя таго, дакументам скарэкціраваны асобныя нормы заканадаўчых актаў з улікам правапрымяняльнай практыкі, а таксама ў мэтах прывядзення іх у адпаведнасць са зменамі ў заканадаўстве, што адбыліся», — адзначаюць у прэс-службе прэзідэнта.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру