28.12.2018 / 11:15

Віктар Марціновіч пра вынікі 2018 года: Варушняк, амаль варушняк 3

Фота Волі Афіцэравай

Давайце пагодзімся з тым, што ў сацыяльным, палітычным і эканамічным сэнсе беларусы проста цяпер перажываюць траўму, якую будуць асэнсоўваць не адно дзесяцігоддзе.

Напрыклад, барацьба з «дармаедствам» мае ўсе шанцы ўвайсці ў нацыянальную міфалогію як нешта абсалютна абсурднае, страшнае ва ўласным дуроцці. Гэта нейкі сюжэт з фантастычных казак Баршчэўскага.

«Справа «БелТА», штодзённыя арышты, падставы для якіх спараджаюць нават болей супярэчлівых каментароў, чым завоблачныя турэмныя тэрміны, якія большасць арыштаваных нават не адбывае да канца (бо турмы перапоўненыя) — гэта нават не позні «савок», гэта нешта іншае. Але, як гэта часцяком бывае, чым большая сцюжа пануе ў грамадстве, тым цікавейшыя культурныя артэфакты, якія, бы крышталі лёду, нарастаюць пад белым зімовым сонцам. Прызнаемся: у той галіне, якая шырока акрэсліваецца паняццем «культура», у халодным 2018-м годзе здарылася шмат цікавага.

Памяць

Хто б мог падумаць, што ў 2018 годзе грамадству зноў будзе наканавана вызначыцца са стаўленнем да сталінскіх рэпрэсій. Слова «Курапаты», што ўзнікала ў вакабуляры дэпалітызаванага чытача партала Тут.бай апошні раз у канцы 1980-х, зноў выйшла ў топы абмеркаванняў. Нават калі б на БТ знялі жалобнае кіно пра расстраляных у 1937 годзе паэтаў, гэта не мабілізавала б масы так, як гэта зрабіла курапацкая варта і лаканічныя паведамленні пра рэгулярныя сутычкі з тымі, каму карціць пажэрці на могілках. Я не маю смеласці сцвярджаць, што большасць беларусаў вызначылася з меркаваннем, што Сталін (ці НКУС, ці рэпрэсіі як такія) — гэта дрэнна. Але прынамсі нейкае меркаванне штотыднёвае ўзнікненне гэтай тэмы ў буйных медыях мусіла выпрацаваць. А гэта вельмі карысна ў сітуацыі, калі гістарычная амнезія ёсць нацыянальнай хваробай. Амаль што прыгожа атрымалася і са святкаваннем 100-х угодкаў БНР: «амаль» — таму што абяцаную за адмову ад мітынгу шыльду дагэтуль мурыжаць.

Кіно

2018-ы абсалютна дакладна ёсць годам заўважных зрухаў у галіне, у якой зрухаў у нас не было прыкладна з 1985 года (момант выхаду фільма Элема Клімава «Ідзі і глядзі» па сцэнары Алеся Адамовіча; «Ідзі і глядзі» дагэтуль трапляе ў сусветныя рэйтынгі «100 самых моцных фільмаў XX стагоддзя»). Можна па-рознаму ставіцца да сцэнарных калізій «Крышталя» Дар’і Жук, але тое, што мінская прэм’ера сталася нечым прынцыпова новым для твані, у якую быў пагружаны кінематограф шэдэўрамі кшталту «На спіне ў чорнага ката», — неаспрэчна. Траплянне фільма Аляксея Палуяна «Возера радасці» ў асноўную праграму фестывалю ў Клермон-Феране (пра гэтае кіно нам яшчэ давядзецца шмат пачуць у 2019-м) — сведчанне таго, што мы маем справу не з адзінкавымі праявамі, а з тэндэнцыяй. Якая палягае ў тым, што за гады незалежнасці нарадзілася, выгадавалася (часцяком — за мяжой) генерацыя маладых творцаў, якія глядзяць на Беларусь вачыма еўрапейцаў і здольныя распавядаць пра яе так, каб гэта разумелі за акіянам. І асобна віншую ўсіх датычных да кінавытворчасці ў Беларусі з адстаўкай Ірыны Дрыгі з пасады намесніка міністра культуры. Тыя, хто ў тэме, зразумеюць. Гэта амаль падзея. Амаль — таму што толькі наіўныя людзі могуць думаць, што ад персоны чыноўніка ў такой сістэме кіравання, як сучасная Беларусь, можа залежаць нешта прынцыповае.

Жывапіс

Як ні дзіўна, падзеяй года ў галіне выяўленчага мастацтва зрабілася выстава Язэпа Драздовіча ў Нацыянальным мастацкім музеі. Па значнасці для гісторыі жывапісу, уплыву на музейную справу, па сувязі з пытаннямі памяці і культурнага вызначэння яе проста немагчыма супаставіць з некалькімі ўдалымі вернісажамі, што адбыліся на прыватных пляцоўках. У цудоўнай Беларусі будучыні імем Драздовіча — летуценніка-візіянера, які візуалізаваў незалежнасць задоўга да таго, як яна адбылася, — будуць названыя галоўныя праспекты нашых гарадоў, вобразы з ягоных карцін будуць упрыгожваць нацыянальная грошы. Ну а пакуль прозвішчы Рэпіна, Шышкіна ці Айвазоўскага любому беларускаму школьніку нашмат бліжэйшыя за дзядзьку Язэпа. Тым значнейшая тая выстава, якую зладзілі ў дзяржаўнай галерэі. Яе можна было б назваць годнай данінай памяці нашага славутага земляка. Але і тут просіцца слова «амаль». Амаль шыкоўнай. Амаль данінай памяці. Бо, выстаўляючы Драздовіча, Нацыянальны мастацкі чамусьці вырашыў не экспанаваць самы галоўны для Беларусі ягоны твор — славутую «Пагоню».

Мова

Апошнія 12 месяцаў тэндэнцыя, якую еўразійскія рэсурсы акрэслівалі як «паўзучую беларусізацыю», працягвала сваё павольнае («паўзучае») развіццё. Пра неабходнасць пашырэння ўжытку роднай гаворкі ў 2018-м двойчы сказалі на найвышэйшым узроўні. На мове забалбаталі праграмы ў тэлевізары — з ліку тых, якія раней было не западозрыць у цёплых пачуццях да здабыткаў адраджэння. Цяпер кажуць пра хуткае вяртанне мовы ў вышэйшую школу і нават пра пашырэнне часоў, аддадзеных на яе ў звычайнай сярэдняй школе. Паболела мовы і ў горадзе, і ў транспарце, і ў рэкламе. Прайшоўшы па вуліцах Мінска, можна нават адчуць сабе не ў заснежаным Свярдлоўску, а ў нейкай там сталіцы нейкай там асобнай дзяржавы, якая нават мае сваю незалежную мову.

Без слова «амаль» да гэтай перамогі паставіцца будзе цяжка, успомніўшы гісторыю змагання групы бацькоў за стварэнне беларускамоўных групаў у дзіцячых садках. Гледзячы цвярозым позіркам, можна засведчыць: беларускія дзеткі працягваюць гадавацца на гаворцы рускага мульціка «Маша і мядзведзь».

Як бачыце, добрых навінаў у 2018 годзе было дастаткова. І адзіная праблема — у тым, што большасць з іх ну як бы не да канца добрая. Год амаль перамогаў. Амаль здзяйсненняў. Год зрухаў на міліметр. Калі такіх гадоў у Беларусі наперадзе сотні — не бяда. Прарвёмся. Абеларусімся. Пераможам. Але ж аднекуль падціскае адчуванне, што перыяд неаспрэчнага суверэнітэту, бесклапотнага існавання ва ўласнай самасці можа аднойчы скончыцца. І тады за кожнае «амаль» у гэтым тэксце будзе вельмі і вельмі крыўдна.

2
Жвір / Адказаць
28.12.2018 / 11:49
Ползучее головокружение от успехов ! 
1
Танчык / Адказаць
28.12.2018 / 17:57
Есць амаль пазітыўныя з'явы). Гэта лепш, чым нічога. Жывем і будзем!
1
Грэта / Адказаць
29.12.2018 / 14:11
Дзякуй, спадар Марціновіч, як заўсёды слушна, як заўсёды трапна, цвярозы аналіз нашага няпростага становішча. Прыемна чытаць, згаджацца і абурацца разам з Вамі, адно пажаданне, пратягвайце пісаць, не гледзячы ні на што, ні на каго.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру