У эфіры АНТ міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у чарговы раз выказаўся пра геяў, даволі рэзка.

Чытайце таксама: Шуневіч: «Дзіравыя» карыстаюцца адтулінамі не па прызначэнні

Наўрад ці гэта выкліча вострую дыскусію ў грамадстве, бо погляды Шуневіча даўно вядомыя. 

Але прынамсі для некаторых сумежных службаў наступствы могуць быць — так, пасля мінулай рэзананснай заявы МУС «Яны не пройдуць» у бок пасольства Брытаніі, у публічную пікіроўку з Шуневічам уступіў міністр замежных справаў Макей. 

Чытайце таксама: Макей пракаментаваў словы МУС пра ЛГБТ: Любая структура, робячы заявы, павінна думаць аб наступствах

Ці можа нашкодзіць знешнім адносінам Беларусі чарговы перл міністра ўнутраных спраў? 

Мы спыталіся ў двух дыпламатаў. Праўда, яны трымаюцца розных пазіцый. 

«Хутчэй не, — лічыць першы дыпламат. — Не сказаць, што тэма геяў — гэта цэнтральная тэма дыялогу паміж Беларуссю і Захадам. Яна ніколі востра не стаяла. Мінулая незадаволенасць Макея тлумачылася тым, што ведамства Шуневіча ў сваёй заяве закранула замежнае пасольства, а гэта ўжо дыпламатычнае поле, а не ўнутраных спраў. А цяпер сітуацыя іншая. Чалавек агучыў свае персанальныя погляды, на якія мае права, ніхто з замежнікаў не закрануты. Наўрад ці з гэтага нешта раздзьмуецца». 

Другі дыпламат, з якім мы пагаварылі, лічыць што аддалены эфект можа быць. 

«Афіцыйная пазіцыя Беларусі ў тым, што ў нас няма дыскрымінацыі. Але неаднаразовыя выказванні кіраўніка МУС сведчаць, што яна ўсё ж ёсць і на дзяржаўным узроўні. Усе гэтыя выказванні сабіраюць пасольствы, спецдакладчык па Беларусі пры ААН і гэтак далей. Ну і ўявім, што выступае на нейкай пляцоўцы наш дыпламат у духу, што мы — цывілізаваная дзяржава. Маўляў, незадаволеныя ёсць, але гэта — звычайная палітычная барацьба. І тут заходнікі дастаюць спіс раздрукаваных выказванняў Шуневіча і пачынаюць ім тыкаць: «гэта вашая афіцыйная пазіцыя, можна падумаць, што вы дыскрымінуеце не толькі геяў, але і ўсіх іншых, каго не адносіце да большасці». Далей беларускаму дыпламату застаецца толькі апусціць вочы і пачаць гаварыць пра нашыя страты ў Другой сусветнай вайне, шкоду ад Чарнобыля і цяжкі шлях да незалежнасці. Таму на практыцы такія публічныя выказванні афіцыйнай асобы могуць адбіцца на рабоце дыпламатаў», — мяркуе ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0