28.12.2018 / 13:04

«Новы час» прайграў Зайдэсу 700 рублёў

Галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб, адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна і юрыст БАЖ Алег Агееў. Фота ПЦ «Вясна»

Агучана рашэнне суда Савецкага раёна Мінска паводле бізнэсоўца Леаніда Зайдэса да газеты «Новы Час» і журналіста Дзяніса Івашына, піша baj.by.

Пазоў Леніда Зайдэса задаволены часткова:

«Новы час» абавязаны сплаціць Зайдэсу 700 рублёў маральнай кампенсацыі і судовыя выдаткі. Акрамя таго, «Новы час» павінен апублікаваць абвяржэнне свайго матэрыялу.

Журналіст Дзяніс Івашын не мусіць плаціць кампенсацыю Зайдэсу.

Прэтэнзіі бізнэсмэна тычыліся двух артыкулаў: у адным матэрыяле газета напісала, што кампанія Зайдэса «мае дачыненне да незаконнага будаўніцтву рэстарана «Паедзем, паядзім», у другім — што ва Украіне на Зайдэса была заведзена крымінальная справа.

І тое, і іншае Зайдэс патрабаваў абвергнуць. Акрамя таго, у сваім пазове бізнэсмэн патрабаваў выплаціць яму маральную кампенсацыю ў памеры 8 тысяч рублёў: 5 тысяч ад рэдакцыі, 3 — ад аўтара артыкулаў Дзяніса Івашына.

Адвакат бізнэсмэна Яўгенія Патапава прадаставіла суду даведку з МУС Украіны аб тым, што Зайдэс да крымінальнай адказнасці там не прыцягваўся.

Пасля рашэнне суда кіраўніцтва газеты заявіла, што будзе падаваць апеляцыю, піша Tut.by.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру