28.12.2018 / 14:38

Што пакажуць беларускія тэлеканалы ў навагоднюю ноч 13

Класіка савецкага кіно і мультфільмы, канцэрты з удзелам беларускіх і расійскіх зорак. «Блакітны агеньчык», які ўжо набіў аскоміну, і традыцыйная «Іронія лёсу». Выбар сёлета такі. 

Беларусь 1

Амаль увесь дзень ад 7.25 да 17.10 будуць паказваць шматсерыйны фільм «Мая любімая свякроў».

Пасля яго, яшчэ адзін серыял — «Сваты», які скончыцца толькі перад самай «Панарамай».

Пасля апошняга ў гэтым годзе выпуску навін — святочная праграма «З Новым годам, Беларусь!».

На экране — усе знаёмыя твары: ад Анатоля Ярмоленкі і Аляксандра Саладухі, да Іскуі Абалян і Георгія Калдуна.

Традыцыйна, святкаванне перапыніцца ў 23.50 на віншаванне Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля апоўначы на «Беларусь 1» пакажуць расійскі фільм «Прывід» з Фёдарам Бандарчуком у галоўнай ролі.

Белсат

Цягам дня мультфільмы, кіно і святочныя перадачы. Гумарыстычная «Хай так TV» і навінная «Вось так», гістарычная «Загадкі беларускай гісторыі» і кулінарная «Я не буду гэта есці».

Тэлеканал «Белсат» таксама прапануе разам падвесці вынікі 2018 года ў праграме «Год з «Белсатам». Пачнуць падводзіць вынікі года на тэлеканале ў 21.25.

Увечары — канцэрты.

Пачнуць з «Народнага альбома». Пасля — прэм’ера навагодняга канцэрта «У Маскве нас не зразумеюць». Таго самага, дзе Вольскі сыграе старшыню ідэалагічнай камісіі.

У музычным фільме «Белсату» зняліся Алег Хаменка, Юрый Стыльскі, Віктар Шалкевіч, Аляксандр Ільін, Наста Шпакоўская, Алесь Лютыч, Зміцер Вайцюшкевіч, Паліна Рэспубліка, Сяргей Башлыкевіч, Дзяніс Тарасенка, Павал Гарадніцкі, Алесь Дзянісаў і іншыя.

Пасля апоўначы на тэлеканале канцэрт Джамалы, «Акіяна Эльзы» і «Крамбамбулі».

Беларусь 2

У апошні дзень 2018 года «Беларусь 2» прапануе ўспомніць дзяцінства і наразаць салацікі выключна пад сямейнае кіно.

Ад раніцы — «101 і 102 далмацінцы», у 14.45 — «Аліса ў краіне цудаў» і «Аліса ў залюстаркоўі». У 22.00 — мультфільм «Адважнае сэрца».

Пасля апоўначы і да чатырох раніцы — усе часткі мультфільма «Мадагаскар».

Пад самую раніцу «Беларусь 2» прапаноўвае паглядзець фільм «Індыяна Джонс». Відаць для тых, каму не хапіла ўласных навагодніх прыгодаў.

Беларусь 3

«Беларусь 3» парадуе сапраўдным святочным вінегрэтам: класікай савецкага кіно — «Каралеўства крывых люстэркаў», «Адзінокім прадастаўляецца інтэрнат» і « Паласаты рэйс», мультфільмамі пра Марозка, Снежную Каралеву і Прастаквашына.

Цягам дня пакажуць аж пяць выпускаў перадачы «Беларуская кухня», таму, калі вы так і не вырашылі, што гатаваць на стол, можаце падгледзець рэцэпты сапраўднай беларускай кухні. Кажуць, што навучаць гатаваць печаную гусь, сала з паранай капустай, фаршыраванага ліня са смятанай.

Разбавіць гэты вінегрэт канцэрты ансамбля «Бяседа» і творчы вечар кампазітара Алега Жукава.

У 20.40 — «Калыханка».

А сустрэць 2019 год «Беларусь 3» прапаноўвае канцэртам «У класічным стылі». На сцэну выйдуць беларускія зоркі оперы і аперэты.

Пасля апоўначы зноў класіка кіно — «Карнавал».

Беларусь 5

На спартыўным канале цягам дня нагадаюць пра самыя значныя старты і перамогі беларускіх атлетаў у 2018 годзе.

АНТ

Тэлеканал АНТ вырашыў паказваць савецкае кіно.

Без «Іроніі лёсу» не абыдзецца, таму, калі 31 снежня для вас асацыюецца з гэтым фільмам, то ўключайце тэлевізар а 19-й гадзіне.

Да яго пакажуць «Дзяўчат», «Брыльянтавую руку», «Каханне і галубы», «Джэнтльмены ўдачы».

У 23.00 распачнецца «Навагодняя ноч», праект расійскага Першага канала.

Беларусы, якія будуць сустракаць Новы год пад тэлеканал АНТ, сустрэнуць яго у кампаніі Кіркорава, Галкіна, Урганта, Нагіева, Білана, Сюткіна, Брэжневай і Гагарынай.

РТР-Беларусь

Гэты тэлеканал цягам дня будзе радаваць святочнымі канцэртамі з расійскім зоркамі. «Найлепшыя песні», «Навагодні парад зорак» «Блакітны агеньчык — 2019». З года ў год адно і тое ж.

НТВ- Беларусь

Ну што яшчэ глядзець у пераднавагодні дзень па тэлеканале НТВ? Канечне ж, «Прыгоды Мухтара» і «Вуліцы разбітых ліхтароў».

У 23.45 пачнецца навагодні кватэрнік. Госці гэтага канцэрту — «зоркі, якіх не пусцілі на блакітны агеньчык»: Гарык Сукачоў, Юрый Шаўчук, Сяргей Галанін, Сяргей Чыгракоў, «Чайф», «Крэматорый», «Млын», Louna, The Hatters, Animal ДжаZ.

Будуць на кватэрніку і беларусы — Алёна Свірыдава і гурт «Бі-2».

СТБ

На тэлеканале СТБ перад Новым годам не ўдасца пабачыць нашых зорак, затое тэлеканал у 23.00 пакажа дакументальны фільм «Наш 2018», у якім успомняць, чым жыла краіна ў 2018 годзе.

Цягам дня — старыя фільмы. «Пакроўскія вароты», «Дванаццаць крэслаў», «Карнавальная ноч». І крыху новых: «Горка» і «Елкі».

Мір

Цягам дня толькі «Дыскатэка 80-х».

3
Белачупакабра / Адказаць
28.12.2018 / 14:55
РТР, НТВ... мммм... якiя беларускiя каналы...
6
Туш / Адказаць
28.12.2018 / 14:56
У мяне пытанне, чаму Белсат а 12 гадзіне Новога года ніколі не паказвае ні курантаў, ні звароту Пазняка, Сурвілы, ці нават Мілінкевіча. Навошта прымушаць телегледачоў пераклячацца на АГЛ, ці ўвогуле выключаць тэлевізар. Для беларускага тэлеканала гэта ўвогуле не лагічна. Няўжо так цяжка запісаць мінскія. ці магілёўскія куранты на ратушы, паставіць паланэз Агінскага, ці нават сучасны беларускі гімн. У чым ваша праблема, Белсат ? Адкажыце на пытанне, каліласка. 
3
Зiма / Адказаць
28.12.2018 / 15:01
Каб туды не улезла Сьпiрыдовiч дык можна было б паглядзець як лiня гатаваць фаршыраванага. Але пры яе удзеле магчымым уяуляецца толькi паглядзець як яна гэтага лiня зьесьць.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру