31.12.2018 / 17:23

Рэдактарка форуму talks.by расказала, як актывізаваліся расійскія боты і як яны сябе выдаюць 23

Ужо стала звыклай сітуацыя, што пры пэўных палітычных манеўрах беларускіх уладаў на нашых форумах актывізуюцца тролі, якія як пад капірку спрабуюць сваімі каментарыямі прасунуць нейкую думку. 

Такое адбываецца на ўсіх папулярных пляцоўках, на «Нашай Ніве» — у тым ліку. 

Самы буйны форум у Беларусі — гэта talks.by. Ягоная рэдактарка, Вольга Сыцько, адказала «Нашай Ніве», ці заўважная незвычайная актыўнасць форумных ботаў на фоне пікіровак Лукашэнкі і Пуціна. 

Вольга Сыцько, фота з фэйсбука.

«Вядома, у гэтай справе [каментаванні] немагчыма злавіць чалавека за руку ці ўбачыць, адкуль ён піша і ці плоцяць яму за гэта. Але, сапраўды, я магу дапускаць, што расійскія боты ёсць, — кажа Сыцько. — Я магу іх вылічыць па тых меркаваннях, якія яны хорам транслююць».

Як выдаюць сябе расійскія боты? 

«Троляў цікавіць пэўная тэматыка: адносіны між Беларуссю і Расіяй, «куды глядзіць Лукашэнка». Калі ў бок Расіі, то яму спяваюць дыфірамбы, калі раптам яго запрасілі ў Еўропу, умоўна, тыя ж самыя людзі пачынаюць яго лаяць. Сыходзячы з гэтай рыторыкі я магу рабіць свае высновы. Калі цераз цябе праходзіць шмат інфармацыі, то ты бачыш і разумееш тэндэнцыі і манеру пісаць. Часта яны выдаюць сябе, ужываючы такія асацыяцыі, якія ніколі не прыдуць у галаву беларусам. Элементарна, калі наш чалавек хоча сказаць, што нехта з'ехаў з глузду, то ён ужыве як метафару, напэўна, бальніцу ў «Навінках», а не нейкую бальніцу ў Падмаскоўі», — расказала рэдактарка talks.by. 

«Цікава, што пры гэтым сістэма ідэнтыфікуе такіх карыстальнікаў беларусамі, бо ІР у іх — беларускія. Расійскія боты найчасцей сядзяць з беларускіх ІР, а выдае іх лексіка. Каб нашыя каментары аналізавала нейронная сетка, то яна б сказала, што ў нас 5% расійскіх карыстальнікаў, а астатнія беларусы, некаторыя з якіх у апошні месяц актыўна сталі даводзіць, што «хочуць уз'яднання». Насамрэч жа яны толькі робяць выгляд». 

Але Сыцько кажа, што не бачыць нагод нешта мяняць у палітыцы прымання каментаў ці неяк такіх людзей абмяжоўваць. 

«Я не бачу праблемы ў тым, што яны пішуць. Гэта дзіцячы сад, скіравана на нейкага форумнага навічка, які зойдзе і падумае: «А што такое адбываецца? Нехта сапраўды хоча далучэння да Расіі, такое бывае?». Большая частка ботаў пішуць здзеклівым тонам, проста троляць. Гэта спосаб збіць цябе з панталыку. Так, за апошні час іх колькасць павялічылася, але не крытычна, нашыя карыстальнікі ўсё разумеюць і я магу толькі заклікаць іх больш актыўна выказваць сваё гледзішча, каб думкі сапраўдных беларусаў былі лепш бачныя», — падсумоўвае яна. 

АЯ

21
алекс / Адказаць
31.12.2018 / 12:06
Тут.бай раней мне падабаўся толькі тым, што мой нік ніхто немог зтырыць. Нн вырашыла гэтую праблему. Таму цяпер я каментую толькі тут. Ну й #якбыблог ва ЎКантакце)
5
Орк / Адказаць
31.12.2018 / 12:14
Этих тролей самих и тролить , злуюцца вельмi цiкава
5
Орк / Адказаць
31.12.2018 / 12:16
Гэты тролi, так цiкава злуюцца калi "тролишь"
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру