Піша Дарка Слабчанка. З цыклу публікацый на arche.by, дзе на такое пытаньне адказваюць розныя грамадзкія актывісты.

Досьвед няўдач ды пакутаў нічога ня значыць, бо кожнае пакаленьне ўсё пачынае спачатку.

В. Быкаў. «Пахаджане»

Пытаньне, пастаўленае ў загаловак, «Чаму я зрабілася грамадзкай актывісткай, а мае аднаклясьнікі — не?», прымусіла задумацца: і сапраўды, чаму?

Адказ на пытаньне, чаму людзі, якія сядзелі за адной партаю, доўгі час ішлі поруч, чыталі адныя й тыя ж кніжкі, у выніку абралі такія розныя шляхі, паспрабую знайсьці, у тым ліку й на падставе ўласнага досьведу.

Я не палітоляг і не сацыёляг, таму мае тэарэтычныя пазнаньні таго, што ёсьць грамадзянскай супольнасьцю, грамадзкай актыўнасьцю й трэцім сэктарам, хутчэй практычныя. Магу з гледзішча чалавека, які неўзабаве атрымае дыплём эканаміста, сказаць пра эфэктыўнасьць. У нашых людзей, у нашага грамадзтва велізарны патэнцыял, які ня тое што не выкарыстоўваецца, наадварот, усімі сродкамі зьніжаецца. Таму грамадзкую актыўнасьць, у тым ліку і сваю, я бачу ня толькі як рэалізацыю ўласных амбіцыяў, але і як дапамогу іншым у пошуку свайго месца.

Я належу да тых маладых людзей, у якіх імя ў пашпарце адрозьніваецца ад таго, якім падпісваесься. Таму што на момант яго атрыманьня думкі напісаць імя беларускай лацінкай нават ня ўзьнікла. Вось і чакаеш зьмены пашпарта.

Я належу да той часткі майго пакаленьня, якая на свае першыя ў жыцьці мітынгі патрапіла яшчэ на плячох у бацькоў, якая сустрэла масавы прыход у краіну джынсаў, барбі і жуек з каляровымі фанцікамі. Аднак, зразумела, што ня ў гэтым важнасьць таго, што адбываецца. Тое пакаленьне, якое першым памятае бела-чырвона-белы сьцяг і якое вучыла альфабэт зь літараю «ў».

Мы не разумелі, што адбываецца, але адбывалася нешта важнае. Нашыя бацькі былі маладыя, прыгожыя й адухоўленыя.

(Абмоўлюся, аднак, што ніякім разам не магу абагульняць. Хтосьці згадвае галечу, чэргі...)

А потым нешта здарылася. Мая любімая настаўніца беларускай мовы, Яніна Іванаўна, сказала нам неяк, стоячы пад Пагоняй: «Вашыя бацькі прадалі Радзіму за кавалак кілбасы. Прычым, таннай». Адбыўся рэфэрэндум.

На настаўніцу ня раз пісалі ананімкі, але Пагоня ў клясе вісела да апошняга. Калі ў дыктоўцы хто паставіць «лішні» мяккі знак, Яніна Іванаўна не лічыла гэта памылкаю. У адзінаццатай клясе вялікая колькасьць вучняў вырашыла здаваць беларускую літаратуру — тое выклікала зьдзіўленьне, і на іспыты прыйшла нейкая камісія.

Нас у клясе было пад трыццаць чалавек. І я ня ведаю, колькіх зь іх можна назваць ня тое што грамадзкімі, проста актывістамі, людзьмі з самастойным, незалежным поглядам на жыцьцё. Хочацца верыць і спадзявацца, што ня я адна магу назваць сябе «грамадзкаю актывісткаю».

Дык чаму так адбываецца, што ня ўсё «зерне, кінутае ў ніву, усходзіць ды красуе»?

Я лічу, што каб быць грамадзкім актывістам, трэба найперш увогуле быць актыўным, мець пэўныя ўласныя якасьці — якасьці не выбітныя, але, на жаль, прыгнечаныя ў нашых людзей. Гэта ўпартасьць, цікаўнасьць і сьмеласьць казаць «не» ці «так», калі ўсе кажуць адваротнае. «Вашая дзяўчынка задае зашмат пытаньняў», — паскардзілася настаўніца малодшых клясаў маёй маці. Пытаньні ёсьць шмат у якіх дзяцей, у маленькіх — у большасьці. Але ўпартасьці дамагчыся на іх адказу мала каму хапае. Потым зьнікае цікаўнасьць іх задаваць.

То бок, калі ўжо казаць пра ўласны досьвед, актыўнасьці было шмат, але да грамадзкіх справаў яна яшчэ не дабралася.

Маё пакаленьне навучылася на просьбу ці прапанову дзелавіта запытваць: «А што мне з таго будзе?» На жаль, сытуацыя складваецца такім чынам, што «будзе» толькі ад угоды з сумленьнем. Тую частку майго пакаленьня, якая ад гэтай угоды адмовілася, я і лічу грамадзкімі актывістамі. Бо адмова ў нашым грамадзтве — вельмі актыўнае дзеяньне.

Актыўная моладзь можа праяўляць сябе таксама ў розных сфэрах — хтосьці накіраваўся ў БРСМ, і ня толькі дзеля галачкі для дэканату, але й дзеля задавальненьня ўласных амбіцыяў, прагі дзеяньняў. Хтосьці — у «Малады фронт», напрыклад. Іншыя да партыяў ці арганізацыяў не далучаліся, але ў бульбу не хаваліся.

Алімпіядніца, залатая мэдалістка й даволі прыкметная асоба — я магла б стаць гонарам унівэрсытэцкага БРСМ. Але мне нават не прапаноўвалі далучыцца. Таму калі пачынаюцца размовы пра тое, што студэнтаў прымушаюць — так, факт застаецца фактам, але таго, каго паводле азначэньня прымусіць немагчыма, таго не прымушалі.

А потым я апынулася за мяжой. На іншым кантынэнце, там, дзе п’юць каву «Старбакс», набываюць фірмовае адзеньне за сьмешныя грошы, здымаюць апартамэнты, а заробак атрымоўваюць па гадзінах — за дзень столькі, колькі тут за месяц.

Усё гэта дужа прывабна — таму большасьць ня мае моцы з тым разьвітацца, жыве там і ўпэўнівае сябе ва ўласным шчасьці. Пачынаюць размаўляць з акцэнтам і слухаць RnB. Я таксама зьбіралася застацца... Ехала ў камфортным аўтобусе на працу, толькі вось слухала «Бывай, мой родны край» — і плакала. Тады я і зразумела, што такое Радзіма, мова родная, свае людзі, «гаварыльня давідна». І самым вялікім шчасьцем тады было ўзяць квіток на Менск.

Жыць, каб працаваць на страўнік, адпачываць перад тэлевізарам і абмяркоўваць зь сябрамі жыцьцё расейскіх поп-зорак? Не. Тады лепей было заставацца там, дзе за год-два можна было б набыць машыну ды ўзяць крэдыт на ўласны дом.

Быў 2006-ты. Пайшлі зь сябрам на Плошчу. Было страшна. Але была надзея. Тады я нікога ня ведала, у прынцыпе, сытуацыяй валодала кепска. Але гэтае пачуцьцё, знаёмае зь дзяцінства, — адбываецца нешта важнае. Тады на плошчы Каліноўскага сабраліся, я лічу, найлепшыя людзі майго пакаленьня, якіх я ўсё жыцьцё буду паважаць і любіць. Для многіх усё тады пачалося. Праўда, тады ж і скончылася. Хтосьці лічыць тое паразай. Але, як казаў савецкі дысыдэнт Сяргей Даўлатаў, «у нашых умовах больш годна прайграць, чым выйграць».

Тады прыйшла неабходнасьць гаварыць на роднай мове. На жаль, у мяне не было бабулі ў вёсцы, таму ў падкорцы беларускія словы не адклаліся. Але, відаць, адклаліся недзе глыбей, як кажуць, у геннай памяці. У крыві, хто яго ведае. Але мова пачала вызначаць жыцьцё. Мова стала тым, што заўсёды з табой, што выражае тваю пазыцыю — пра што б ты ні казала, хоць бы які фільм абмяркоўвала зь сябрамі. Мова — гэта тое, чаго ніхто ня здолее забраць. Мова — гэта тое, за што ня трэба галасаваць на выбарах усёй краінай, каб потым скралі перамогу.

Калі чалавек гаворыць па-беларуску, чытае беларускіх пісьменьнікаў і слухае беларускія песьні, ён аніяк ня зможа заставацца абыякавым, сядзець у сваёй норцы і задавацца пытаньнем: «А што я з таго атрымаю?»

Сіла народу — у тым, што бацькі перадаюць дзецям. У мове, культуры, звычаях, рэлігіі, духоўнасьці. Чалавек сталее, і падмуркам яму тыя каштоўнасьці, ён на іх абапіраецца. Нашаму пакаленьню ніхто тых каштоўнасьцяў не даваў. На іх здабыцьцё сыходзяць велізарныя высілкі. Я самастойна пахрысьцілася на першым курсе. На трэцім пачала гаварыць па-беларуску. І гэта яшчэ я сваёй маці данесла ўсю прыгажосьць беларускае культуры.

Тыя, хто самастойна здабыў усе гэтыя скарбы, ня збочыў, — вельмі моцныя. Мацнейшыя за сваіх аднагодкаў. Таму ім часта цяжка знайсьці паразуменьне. Але ня трэба адварочвацца. Ня трэба патрабаваць болей за тое, на што чалавек здольны. У кожнага з нас быў момант у жыцьці альбо нейкая асоба, якая паўплывала на выбар шляху, паказала альтэрнатыву.

Калі можаш — стань такім чалавекам для іншых. Менавіта таму мы зь сябрамі езьдзім у дзіцячыя дамы. Мы гуляемся зь дзеткамі, малюем. Мы гаворым па-беларуску. Ім у жыцьці прыйдзецца вой як цяжка. Яны змагацца будуць за элемэнтарнае выжываньне. Дзе ім думаць пра духоўныя каштоўнасьці? А дзякуючы нам, хай ня кожны, але нехта зь іх, стоячы «на ростанях», зробіць правільны выбар, таму што ведае, што дарог — некалькі.

Хацелася б засяродзіцца ўвогуле на ролі моладзі ў грамадзтве. Сумна, але на сёньня сытуацыя такая, што збольшага моладзь пасіўная. Сваёй ролі, магчымасьці ўплываць на тыя працэсы, што адбываюцца ў грамадзтве, маладыя людзі ня бачаць. Дый ня хочуць бачыць. Пра старэйшае пакаленьне часта можна пачуць: «Ім бы чарку ды скварку — і да тэлевізара». Хоць і ня ўсе, але многія студэнты падзяляюць тую ж філязофію. Зацікавіць вельмі цяжка. Выслухаюць — і тое добра, падштурхнуць на дзеяньне часам амаль немагчыма.

Для актыўнай часткі моладзі вельмі важнае нейкае кансалідоўнае ядро. Для мяне ў свой час гэтую функцыю выканаў Generation.by (ранейшыя Studenty.by). Гэта онлайн-праект, які актыўна дзейнічае і па-за межамі сеціва. Вакол праекту сабралася суполка маладых, актыўных людзей з самых розных сфэраў, якія імкнуцца да самарэалізацыі, якія бачаць магчымасьці разьвівацца ў сваёй краіне.

Так апісваюць праект яго стваральнікі:

Generation.by — гэта рэсурс для актыўных людзей і пляцоўка для рэалізацыі творчых ідэяў. Мы чэрпаем натхненьне ў студэнцкіх часах — бо для нас студэнцтва — незабыўны час. …Мы хочам атрымаць ад жыцьця ўсё. І хоць далёка ня кожны сучасны беларускі хлопец ці дзяўчына мае ўласны iPod ці ноўтбук «Apple», і многія з нас нават нарадзіліся яшчэ ў СССР, але ўсё роўна мы зьяўляемся першым пакаленьнем, што вырасла ў незалежнай Беларусі, што ўжо робіць нас чымсьці адметнымі. Мы — пакаленьне, якое хоча дасягнуць усіх вяршыняў і ні сантымэтрам меней, якое разумее, што ўладкоўваць сваё жыцьцё патрэбна самастойна.

Удзел у такім праекце дае магчымасьць фармаваць свой сьветапогляд незалежна, але пры падтрымцы сяброў.

Яшчэ хацелася б закрануць вельмі балючую тэму — нашую «найлепшую ў сьвеце» сыстэму адукацыі. Я ня буду казаць пра ўзровень падрыхтоўкі й ведаў, зь якім выходзіць «малады спэцыяліст». Відаць, галоўная задача нашай адукацыі — не забіць нашыя галовы карыснымі ведамі, а забіць наш расклад. Галоўнае — не вучыцца, галоўнае — наведваць пары. Уся сыстэма збудаваная так, што мець нейкую пазанавучальную актыўнасьць вельмі складана. Нават тыя, хто гуляе за любы ўнівэр у хакей ці баскетбол, удзельнічае ў КВЗ ці танчыць на «студэнцкіх вёснах», мусяць атрымаць дазвол дэканату. За іх дамаўляюцца на сэсіях. Стараста важна паведамляе: «У яго/яе паважлівая прычына — ён/яна рэпэтуе».

Некаторыя не пытаюць дазволу дэканату — яны пытаюць дазволу ў свайго сумленьня.

Прыкладаў, як гэта можа скончыцца, вельмі шмат. Звычайна выключэньнем. Можа й горш. Адна зь нядаўніх гучных справаў — выключэньне гомельскага студэнта Зьмітра Жалезьнічэнкі. Грамадзкую актыўнасьць разумнага й сумленнага чалавека абмежавалі проста — жаўнерскімі ботамі. Пры тым Зьміцер і яго сям’я паказалі прыклад мужнасьці й вернасьці сваім перакананьням і прынцыпам. Нават у войску Зьміцер ня скардзіцца на лёс, а клапоціцца пра іншых. А мог жа проста зьехаць.

Ёсьць людзі, якія самастойна прыходзяць да актыўнай грамадзкай дзейнасьці й граюць не апошнюю ролю. Сярод іншага, на мой погляд, ім уласьцівыя наступныя рысы:

— нацыянальная сьвядомасьць;

— цьвёрды характар;

— духоўнасьць;

— ініцыятыўнасьць;

— непахісныя маральна-этычныя прынцыпы.

Каб іх дзейнасьць была плённай, важная шырокая падтрымка, зацікаўленасьць усяго грамадзтва. Насамрэч, магчымасьцяў праявіцца хапае, галоўнае даць чалавеку самаму вызначыцца, памагчы самастойна прайсьці шлях усьведамленьня сваёй важнасьці тут і цяпер. Толькі так ёсьць надзея на тое, што беларусы стануць грамадзкай супольнасьцю. Ролю грамадзкіх арганізацыяў ці рухаў, дый проста згуртаваньняў неабыякавых людзей, я бачу ў актывізацыі камунікацыяў унутры і між пакаленьнямі. Вельмі важна не згубіць моладзь, каб наступнае пакаленьне не нарадзілася ў няволі. У няволі сваёй уласнай абыякавасьці, безыніцыятыўнасьці й бездухоўнасьці.

* * *

Дарка Слабчанка — грамадзкая актывістка, журналістка інтэрнэт-рэсурсу Generation.by. Выпускніца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0