Пры канцы 2018 у выдавецтве «Галіяфы» выйшла яшчэ некалькі кніг: паэзія Веры Бурлак, доўгачаканы раман Алены Брава, аўдыёказка «Пакатун і Паляжун», трохтомнік Уладзіміра Мароза, кніга вершаў Усевалада Гарачкі, альбом падарожжаў Юзафа Пілсудскага па Беларусі, новая кніга Валера Гапеева «Пазл», якую можна перадзамовіць па меншай цане.

Падрабязна пра кожную з кніг — чытайце ніжэй.

Вера Бурлак. Фантазюркі

Што спяваюць розныя машыны? Адкуль бяруцца і куды знікаюць зачараваныя домікі? Якія падзеі разгортваюцца ў лужынах?

Аматарам пафантазіраваць, малым і вялікім, — новая кніжка вершаў Веры Бурлак.

Алена Брава. Садомская яблыня

У новым творы аўтаркі правакацыйнага рамана «Менада і яе сатыры»

тэлевядоўца Інга Куродым вядзе прыватны рэпартаж, поўны горкага сарказму, з эпіцэнтра «звычайнай надзвычайнай сітуацыі», дзе жанчыны — «зручныя чалавекаадзінкі штатнага раскладу».

Грамадства гатовае бачыць у жанчыне найперш маці, потым — працаўніцу, істоту «прыгожую, пяшчотную і крышачку ранімую, асабліва ў дзень, калі чутныя першыя цяжкія крокі вясны па нашай планеце, і вам дораць кветкі з антыпрыгарнымі патэльнямі».

Раман можна чытаць як пазбаўленую табу споведзь сучасніцы, як сатыру на карумпаваную правінцыйную бюракратыю альбо як «гісторыю хваробы». Гумар ідзе побач з сімвалам і міфам, саладжавая мова ружовага чытва змяняецца брутальным прастамоўем, бязлітасны псіхалагічны аналіз суседнічае са шчырасцю інтымнага дзённіка.

Брыгіта Шэр. Пакатун і Паляжун (аўдыёкніга)

Пятнаццаць паэтычных гісторый з жыцця, якія дапамагаюць навучыцца называць розныя станы і пачуцці, што бываюць паміж людзьмі. 

Уладзімір Мароз. Выбранае

Вершы, проза, эсэ паэта і кінадакументаліста Уладзіміра Мароза ў трох тамах. Серыя «Кнігарня пісьменніка». 

Наклад — усяго 80 асобнікаў.

Усевалад Гарачка. Каляровыя слёзы

У кнігу ўвайшлі вершы, напісаныя аўтарам пераважна ў перыяд з 2005 па 2009 г. Яны вызначаюцца арыгінальным асэнсаваннем рэчаіснасці, шырокім настраёвым і тэматычным дыяпазонам. Нягледзячы на некаторыя асаблівасці, што нібыта збліжаюць вершы зборніка з пэўнымі наватарскімі плынямі, іх хутчэй варта разглядаць як працяг класічнай традыцыі ў беларускай паэзіі.

Юзаф Пілсудскі. Крэсавыя аповеды

«Мы аддаём у вашыя рукі незвычайную кнігу — старонкі падарожжаў Юзафа Пілсудскага па землях цяперашняй Беларусі, упрыгожаныя ўнікальнымі фота­здымкамі, анекдотамі, кур’ёзамі…» —

пішуць складальнікі Д.Краўчанка і Э.Інеўска. На беларускай і польскай мовах.

Сяргей Белаяр. Расследаванні інспектара Сарвы

Навукова-фантастычныя апавяданні. Міжпланетныя пералёты, жыццё на Марсе, крымінал… 

У XXII стагоддзі змяніліся ўмовы жыцця, прагрэс праглынуў чалавецтва без астатку, але злачынствы не зніклі.

Ды, на шчасце, з’явіўся пераемнік Шэрлака Холмса — інспектар Дэпартамента пазаземных крымінальных расследаванняў Ратаўт Сарва.

Валер Гапееў. Пазл

Што наш лёс, як не вынік дзейнасці дзясяткаў і соцень чалавек вакол? Што містыка, як не збег шматлікіх абставін? Што чалавек у сістэме? Што ўрэшце наша жыццё, як не адзіны вялізны пазл, дзе кожны фрагмент счапляецца з іншымі…

Жорсткі рэалізм на зрэзе сучаснага беларускага грамадства з героямі ад уладных чыноўнікаў да бадзякоў, без міфаў пра талерантнасць і рахманасць, без сентыментаў і спробаў шкадавання — у новым рамане Валера Гапеева. 

Да сярэдзіны студзеня кнігу можна замовіць па ніжэйшай цане.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0