Пасля анексіі Крыма і пачатку канфлікту на Данбасе Украіна стала «выпрабавальным палігонам» для інфармацыйных і кіберваенных аперацый расійскага ГРУ, піша The Washington Post.
Паводле газеты, большасць гэтых нападаў ажыццявіла падраздзяленне ГРУ 54777, якое спецыялізуецца на псіхалагічных аперацыях і кібератаках.
У якасці аднаго з прыкладаў аперацый газета напісала пра рассыланне амерыканскім палітыкам ліста ад імя «патрыётаў Украіны».
У лютым 2015 года, праз год пасля анексіі Крыма і пачатку канфлікту на ўсходзе Украіны, тузін амерыканскіх сенатараў атрымалі аднолькавыя электронныя лісты ад чалавека, які назваў сябе прадстаўніком групы Патрыёты Украіны. У іх змяшчалася спасылка на петыцыю з заклікам «выратаваць Украіну».
Як адзначае The Washington Post, прашэнне было складзена на кепскай англійскай і ўключала ў сябе такі тэкст: «Сенатары і кангрэсмены ЗША! Сёння сітуацыя ў Украіне вельмі складаная. Украіна ў стане вайны… Узровень карупцыі ва Узброеных сілах Украіны велізарны. Высокапастаўлены афіцэр прадае зброю тэрарыстам».
Далей у лісце была просьба адправіць «вопытных спецыялістаў ЗША і НАТА» на замену афіцэрам украінскіх Узброеных сіл. «Мы спадзяемся, што вы зможаце паўплываць на Белы дом, Пентагон і Дзяржаўны дэпартамент ЗША, каб дасягнуць пагаднення аб адпраўцы заходніх афіцэраў ва Украіну для [ўстанаўлення] прамога кантролю над нашымі ўзброенымі сіламі», — гаварылася ў петыцыі, копію тэксту якой газеце перадалі ў адной з заходніх разведак.
Пры гэтым кангрэсменаў-адрасатаў паслання выбіралі з прозвішчаў са спісу сенатараў ЗША ў алфавітным парадку — лісты атрымалі толькі першыя з іх.
Дзіўная петыцыя не атрымала водгуку ў Сенаце і не мела асаблівых наступстваў, аднак была першай, хоць і грубай спробай расійскага ГРУ паўплываць на амерыканскіх палітыкаў за апошнія гады, перадае The Washington Post.
Кампанія мела падвойную мэту: «яшчэ больш дэмаралізаваць украінцаў пасля цяжкіх страт першага года вайны і ўвесці ў зман палітыкаў ЗША — прымусіўшы іх паверыць, што самі украінцы страцілі веру ў свае ўзброеныя сілы».