Сертыфікаты ў крамы атрымалі да Новага года супрацоўнікі ЖЭУ Ленінскага раёна Магілёва. Фота аднаго з іх апублікавалі ў суполцы «Магілёў Live» Укантакце.

На фота відаць, што сертыфікат на куплю тавараў фірмы «Кадзіна» дзейнічае толькі ў адной краме — на праспекце Пушкінскім. Сертыфікат на 6 рублёў 80 капеек дзейнічае з 30 лістапада па 31 снежня 2018 года.

Як стала вядома Tut.by, кожнаму супрацоўніку да гэтага сертыфікату далі яшчэ два: на «тры з капейкамі» рублі — у краму аграфірмы «Вейна» і на 4 рублі — у краму «Колас» прадпрыемства «Дамачай». Усяго сума трох сертыфікатаў склала менш за 15 рублёў. Выдалі іх супрацоўнікам 27 снежня.

Паводле інфармацыі крыніцы, некаторыя супрацоўнікі адмовіліся ад сертыфікатаў, бо ім нязручна ісці ў канкрэтныя крамы і купляць там прадукцыю.

У ЖРЭУ Ленінскага раёна каментаваць сітуацыю адмовіліся. Намеснік дырэктара па ідэалогіі Сяргей Гжэляк сказаў Tut.by, што «ў гэтым няма сакрэту», але ён «не дае інтэрв'ю па тэлефоне — толькі асабіста».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0