30.12.2018 / 16:20

Камп'ютарны вірус парушыў выпуск амерыканскіх газет

Адразу некалькі буйных амерыканскіх газет не змаглі выпусціць свае суботнія нумары з-за камп'ютарнага віруса, які «прабраўся» ў друкарні Лос-Анджэлеса і выдавецтва Tribune Publishing у Чыкага, паведамляе Associated Press.

Так, з-за тэхнічных праблем не былі надрукаваныя наклады Los Angeles Times і The San Diego Union-Tribune. Газеты Chicago Tribune і The Baltimore Sun выйшлі з парушэннем вёрсткі, а выпускі The New York Times і The Wall Street Journal былі дастаўлены чытачам з затрымкай, дадае CNN.

Па дадзеных прадстаўнікоў Los Angeles Times, кібератакі на друкарні, якія выкарыстоўваюць адно і тое ж праграмнае забеспячэнне, была ажыццёўлена зламыснікамі ўнутры ЗША.

Верагодна, збой паўплывае на выпуск і нядзельных выданняў СМІ. Выдавецтва Tribune Publishing паведаміла пра кібератаку ФБР.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру