EurAsia Daily: Хакеіст паляцеў без хакея

Спробы адвесці ўвагу ад пытання № 1 снежаньскіх (а таксама сочынскіх) перамоў паміж Масквой і Мінскам — пытання аб аб'яднанні (інтэграцыі) — дарэмныя, піша чарнасоценнае выданне EurAsia Daily. Яго можна замоўчваць ці наадварот, малоць языком, аднак расійскае кіраўніцтва за апошнія месяцы неаднаразова выразна і ясна дало зразумець: калі больш цесная форма аб'яднання, чым Саюзная дзяржава, для Мінска непрымальная, то Масква не гатовая плаціць за «чаргаванне брацкіх пацалункаў з пацалункамі Юды».

EurAsia Daily ўпэўненая, што за раійскія грошы вакол Мінска пабудаваныя палацы для ўладаў, арганізаваны «Дзень вышыванкі», а таксама прафінансавана дзейнасць лабістаў афіцыйнага Мінска ў Расіі.

«За гэтыя грошы Расія магла штогод будаваць па атамнай электрастанцыі — напрыклад, у Прымор'і і Сібіры, рэканструяваць сотні мастоў, кожны год будаваць па горадзе ў чыстым полі і засяляць яго беларускімі перасяленцамі, якім надакучыў «рынкавы сацыялізм» і русафобскі нацыяналізм»,

— пішуць чарнасоценцы.

Нават з бяспошліннай расійскай нафтай і заніжанай цаной газу, не кажучы ўжо пра іншыя прэферэнцыі, ільготы і дысконты ва ўзаемным гандлі, «беларуская мадэль» аказалася нежыццяздольнай, адзначае EurAsia Daily.

Уз'яднанне Беларусі з Расіяй — найважнейшы пытанне ўнутрыбеларускага парадку дня, упэўненыя чарнасоценцы.

Аўтар EurAsia Daily піша, што Расія сёння можа дазволіць сабе ўз'яднанне з Беларуссю і так званай «Наваросіяй»:

— Трэба браць кавалкамі, і неабходна рабіць гэта нягледзячы ні на якія санкцыі ў дачыненні да нуварышаў, пагрозы іх замежным рахункам, рызыкі для дабрабыту іх дзяцей і шматлікіх партнёраў.

«На гэты раз трыумф хакеіста не адбыўся — ён паляцеў без падыходу да прэсы ці хаця б падпісанай сумеснай заявы, пакінуўшы кіраўніка Расіі аднаго на хакейнай пляцоўцы з падоранымі мяхамі бульбы і шматамі сала», — падсумоўвае чарнасоценнае выданне.

Репортёр: Што, калі Расія страціць яшчэ і Беларусь?

Выданне «Репортёр» піша, чаму ж на гэты раз Крэмль заўпарціўся і не ідзе на ўступкі Мінску.

Журналіст «Репортёра» піша, што ў Беларусі нібыта адбываюцца роўна тыя ж грамадска-палітычныя працэсы, што прывялі да Майдану ва Украіне.

«Дзеячы, якія аплачваюцца заходнімі грантамі, перапісваюць гісторыю Беларусі, набірае папулярнасць сярод моладзі ідэнтыфікацыя сябе як «не рускіх», а асобнага народа з уласным еўрапейскім шляхам развіцця. Пакуль працэсы не перайшлі ў крытычную стадыю, але ад гэтага аддзяляе толькі адно — адсутнасць падтрымкі ідэй на дзяржаўным узроўні. Дзе гарантыя, што ў піку Крамлю беларуская вертыкаль улады не пачне актыўна падтрымліваць мясцовыя нацыяналістычныя рухі?»

— пытае выданне.

Калі ж Майдан адбудзецца і ў Беларусі, і ў Мінску сядзе праамерыканская ўлада, гэта будзе поўная катастрофа ўсёй крамлёўскай знешняй палітыкі, лічыць «Репортёр». Напрыклад, можна будзе страціць Калінінградскую вобласць, доступ да якой без Беларусі стане яшчэ больш складаным.

Менавіта таму, лічыць выданне, Расія мае поўнае права адстойваць уласныя нацыянальныя інтарэсы, у тым ліку, у дачыненні да сваіх саюзнікаў.

Daily Storm: Чаму Лукашэнка баіцца інтэграцыі з Расіяй?

Выданне Daily Storm адзначае, што Расія паскарае аб'яднанне з Беларуссю, аднак беларусы да гэтага не гатовыя і рэальна Саюзная дзяржава не працуе.

Апытаныя выданнем эксперты адзначаюць, што Крэмль больш не задавальняе мяккая палітыка і сур'ёзныя прэферэнцыі ў дачыненні да саюзніка, які выконваць свае абавязацельствы ў рамках Саюзнай дзяржавы не хоча.

«Мы стварылі саюзную дзяржаву Расія — Беларусь для таго, каб правесці максімальна глыбокую інтэграцыю. Падчас адной з нядаўніх сустрэч з Лукашэнкам Уладзімір Пуцін заявіў пра тое, што Расія, вядома, і далей гатова разглядаць пытанні цэнавай палітыкі на энергарэсурсы, але шмат чаго зараз будзе залежаць ад глыбіні інтэграцыйных працэсаў. І гэта сапраўды так, таму што калі гэтых працэсаў няма, то паслабленні і льготы ў тарыфнай палітыцы РФ цяжка растлумачыць», — заявіў Daily Storm намеснік старшыні камітэта па міжнародных справах Савета Федэрацыі Андрэй Клімаў.

На яго думку, атрымліваецца, што расійскі бізнэс ад прэферэнцый беларусам прайграе, а што атрымлівае ад гэтага Расія — незразумела.

Кіраўнік камітэта Дзярждумы па справах СНД Леанід Калашнікаў лічыць, што Расія і Беларусь рана ці позна па інтэграцыйных працэсах дамовяцца, хоць аб'ектыўна складанасці ў іх існуюць.

На яго думку, краіны павінны шукаць кампрамісы, і часам трэба ісці на тое, каб у маральным плане падтрымаць сябра і брата.

Кіраўнік Інстытута палітычных даследаванняў Сяргей Маркаў лічыць, што інтэграцыя Распі і Беларусь да гэтага часу не адбылася, бо і Лукашэнка, і беларуская эліта баяцца паглынання іх бізнэсу буйнымі расійскімі карпарацыямі.

Паводле яго слоў, цяпер прэзідэнт Беларусі будзе рабіць усё магчымае, каб інтэграцыя з Расіяй была як мага менш глыбокай.

Першы віцэ-прэзідэнт Цэнтра палітычных тэхналогій Аляксей Макаркін лічыць, што інтэграцыя патрэбна больш Расіі, чым Беларусі.

«Крамлю патрэбныя поспехі, каб хоць бы часткова ўраўнаважыць негатыў ад пенсійнай рэформы, стагнацыі ў эканоміцы і павышэння ПДВ. Таму ўзнікла ідэя Беларусі, якая ў апошнія гады пад пільным кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі акуратна дыстанцуецца ад Расіі, але працягвае атрымліваць ад яе эканамічныя прэферэнцыі», — адзначае Макаркін.

Московский Комсомолец: Перад сустрэчай з Пуціным палітолаг прадказаў Лукашэнку лёс Януковіча

Выданне «Московский Комсомолец» узяло каментар пра беларуска-расійскія адносіны ў намесніка дырэктара Інстытута краін СНД Уладзіміра Жарыхіна.

Жарыхін лічыць, што пытанне ставіцца так: або давайце ўсё ж такі дабудуем Саюзную дзяржаву, як гэта планавалася — ці, калі не атрымліваецца, калі прынятыя абавязацельствы выканаць немагчыма, нешта, можа быць, зменім.

«Мне здаецца, на чарговую спробу Лукашэнкі нешта выцыганіць у Расіі, дадзены зараз просты адказ: мы згодныя на ўмовы, якія ты ставіш, але ў рамках адзінай Саюзнай дзяржавы. Давай яе дабудуем, як гэта задумвалася, ці ж пачнем складаць двухбаковыя пагадненні»,

— кажа Жарыхін.

Таксама эксперт не разумее, чаму зараз Лукашэнка кажа пра пагрозу для суверэнітэту, бо Пуціна і Мядзведзева не было ў кіраўніцтве дзяржавы, калі падпісваўся Саюзны дагавор. А вось Лукашэнка быў кіраўніком дзяржавы.

«Лукашэнка ж падпісаўся пад гэтымі дамовамі, пад гэтымі абавязацельствамі па будаўніцтве палітычнай надбудовы Саюзнай дзяржавы. А цяпер кажа: «Гэта замах на суверэнітэт Беларусі!» Што ж ты тады гэта падпісваў?» — кажа Жарыхін, які лічыць, што Лукашэнка палічыў за лепшае захаваць статус-кво.

Намеснік дырэктара Інстытута краін СНД лічыць, што дыяпазон дзеянняў у Лукашэнкі вельмі шырокі. Ад прыняцця пераходу на двухбаковыя пагадненні ў эканамічнай і палітычнай сферы да развароту на Захад і паўтарэння лёсу Януковіча.

Жарыхін лічыць, што ў выніку перамоў зноў будзе дасягнуты нейкі кампраміс.

Московский Комсомолец: Прыгнечаны Лукашэнка здаўся Пуціну: супольная ўлада Расіі і Беларусі

На другіх за гэты тыдзень перамовах у Крамлі Аляксандр Лукашэнка даў Уладзіміру Пуціну зразумець, што гатовы вырашаць пытанні, прапісаныя ў дагаворы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Аднак адных запэўненняў Уладзіміру Пуціну на гэты раз будзе мала. Дадатковыя грошы і льготы Лукашэнка зможа атрымаць толькі ў абмен на канкрэтныя рашэнні, патрэбныя Маскве, піша «Московский Комсомолец».

Эксперты мяркуюць, што, пагадзіўшыся на стварэнне сумеснага органа па падрыхтоўцы інтэграцыі, беларускі лідар будзе ўсяляк зацягваць яго працу.

Аднак крыніцы, знаёмыя з пазіцыяй расійскага боку, упэўненыя: на гэты раз гэты нумар у Лукашэнкі не пройдзе. Крэмль для сябе ўсё ўжо вырашыў, і мае намер ціснуць на Мінск да канца, піша «Московский комсомолец».

Ускосным сігналам таго, што лёд крануўся, Лукашэнка пайшоў на саступкі, а Крэмль пагадзіўся даць грошай, мог бы стаць удзел кіраўніка Беларусі ў таварыскім хакейным матчы, які Уладзімір Пуцін арганізаваў на Краснай плошчы. Аднак, як вядома, Лукашэнка замест хакея вярнуўся ў Мінск.

Блогер Эль Мюрыд: Беларусь становіцца аб'ектам агрэсіі

Папулярны расійскі блогер Эль Мюрыд лічыць, што цяпер Беларусь становіцца аб'ектам агрэсіі. Той жа сцэнар, што і ва Украіне ў 2005 і 2008 гадах — прымус да палітычнай капітуляцыі праз паліўны шантаж.

І хоць бакі катэгарычна адмаўляюцца праводзіць паралелі паміж шантажам і стварэннем Саюзнай дзяржавы, мэта ціску Крамля відавочная: Беларусь прымушаюць да інтэграцыі з Расіяй і юрыдычнага стварэння Саюзнай дзяржавы, што фактычна азначае паглынанне Беларусі, лічыць блогер.

Мэта стварэння Саюзнай дзяржавы для Эль Мюрыда відавочная: Пуцін рыхтуе «транзіт улады». Блогер упэўнены, што Лукашэнка наўрад ці пагодзіцца здаць Беларусь, аднак у яго вельмі мала прасторы для манеўру.

Блогер адзначае, што значную частку неспрыяльных фактараў, якія падпарадкоўваюць Беларусь крамлёўскай палітыцы, стварыў сам Лукашэнка.

Nation News: Спрабуем падганяць праект з улікам расійскіх мерак, але Беларусь гэта не задавальняе

Дацэнт кафедры міжнародных адносін і знешняй палітыкі Расіі МГІМО Алег Аляксандраў пракаментаваў Nation News апошнія навіны беларуска-расійскіх адносін.

Аляксандраў лічыць, што трэба вызначацца: у саюзным дагаворы альбо ставіць кропку, альбо кропку з коскай, альбо шматкроп'е. Эксперт адзначае, што абодва бакі супярэчліва сябе паводзілі гэты час.

Праблемы паўсталі ў бачанні архітэктуры будучыні сумеснай дзяржавы:

— Беларусь бачыла гэта як саюз двух роўных аб'ектаў, а Расія настойвала, каб краіны ўліваліся з улікам уласнай вагі эканамічнай і сацыяльнай. <…> І вось гэты праект саюзнай дзяржавы быў сур'ёзна затарможаны. І мы зараз спрабуем падганяць гэты праект з улікам нейкіх расійскіх мерак, але Беларусь мабыць гэта не задавальняе,

— адзначае Аляксандраў.

Политонлайн: Расіі надакучыла такое палавіністае становішча з Саюзнай дамовай

Расіі, здаецца, надакучыла палавіністае становішча з Саюзнай дамовай. Яна ёсць на паперы ўжо 20 гадоў, але да гэтага часу ў практычным плане не выкананы і на 50%, піша Политонлайн. І, мабыць, Масква лічыць неабходным унесці яснасць. Альбо выконваць гэтую дамову, альбо складаць дамоўленасці іншага фармату, якія прадугледжваюць пэўныя эканамічныя выдаткі для беларускага боку.

Выданне адзначае, што расійскі бок прапануе Лукашэнку самыя розныя варыянты вырашэння сітуацыі.

«Аднак, здаецца час патурання ўладным інтарэсам рэгіянальных дзяржаў па перыферыі РФ імкліва падыходзіць да канца, і надыходзіць перыяд крышталёвай палітычнай яснасці і куды больш выразных двухбаковых дамоў. У тым ліку і з Беларуссю»,

— піша Политонлайн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?