30.12.2018 / 21:55

Чытачы «Нашай Нівы» выбралі Чалавекам года абаронцаў Курапат 7

Ганна Шапуцька. Фота Волі Афіцэравай.

Ганна Шапуцька, Павел Севярынец ды іншыя абаронцы Курапат сталі людзьмі года па версіі чытачоў «Нашай Нівы».

У галасаванні на нашым сайце ўзялі ўдзел каля 2000 чалавек. За абаронцаў Курапат прагаласавалі 33% з іх.

Нагадаем, што Ганна Шапуцька, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч адыгралі галоўную ролю ў кампаніі супраць адкрыцця рэстарана «Паедзем паядзім» ля месца пахавання дзясяткаў тысяч ахвяр савецкага рэжыму. Самаахвярная вахта ля забаўляльнага комплексу прыцягнула ўвагу да Курапат, там з'явіўся дзяржаўны манумент, паўсталі новыя крыжы. 

На другім месцы, на думку чытачоў НН, — Павел Белавус ды іншыя арганізатары святкавання 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны сабралі 24% галасоў.

Фота Сяргея Гудзіліна.

На трэцяе месца выйшаў новы прэм'ер-міністр краіны Сяргей Румас — кіраўнік урада з чалавечым тварам, з якім многія звязваюць надзеі на рост эканомікі.

На чацвёртае месца чытачы паставілі ахвяру «Справы БелТА» Марыну Золатаву.

Акрамя таго, у спісе былі і сабралі нямала галасоў Глеб Лабадзенка, ініцыятар устаноўкі помніка Касцюшку, а таксама банкір Віктар Бабарыка, фундатар шматлікіх беларускіх культурных праектаў, і новая зорка беларускага тэніса Арына Сабаленка.

Сяргей Гезгала

13
siarjuk / Адказаць
30.12.2018 / 22:25
Яны сапраўды Людзі года. Слава героям.
11
siarjuk / Адказаць
30.12.2018 / 22:37
Сапраўды абаронцы гэта заслужылі.Слава героям.
10
Павел Ас / Адказаць
30.12.2018 / 22:49
Я таксама галасаваў за іх.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру