Адбылася інаўгурацыя новага прэзідэнта Бразіліі. Ён абяцае спыніць шмат з таго, што стала нормай для ліберальных і сацыялістычных колаў.

Жаір Балсанару стаў першым за доўгі час палітыкам правых перакананняў на пасадзе прэзідэнта найбольшай краіны Лацінскай Амерыкі.

У сваёй інаўгурацыйнай прамове ён абвесціў, што гэты дзень азначае «пачатак вызвалення Бразіліі ад сацыялізму, паліткарэктнасці і раздзьмутай дзяржавы».

Балсанару блізкі па поглядах і манерах да Дональда Трампа. Як і Трамп, ён скончыў Вайсковую акадэмію, але пайшоў не ў бізнэс, а ў армію, дзе даслужыўся да капітана. Ён падтрымліваў і дагэтуль падтрымлівае рэжымы антыкамуністычнай дыктатуры, што кіравалі Бразіліяй да 1984 года.

Як і Трамп, ён жанаты трэцім шлюбам. У яго пяцёра дзяцей.

За яго масава галасавалі людзі кансерватыўных поглядаў ад хрысціян веры евангельскай да сілавікоў. Балсанару абяцаў навесці шораху ў карумпаваным палітычным істэблішменце.

Балсанару выступае супраць многага з таго, што стала нормай для ліберальных і сацыялістычных колаў. У прыватнасці, ён сфарміраваў урад на траціну з сілавікоў, хоча абмежаваць дазволеныя падставы для абортаў, выйсці з Парыжскага пагаднення па барацьбе з пацяпленнем клімату, палегчыць набыццё зброі прыватнымі асобамі, крытыкуе геяў і збіраецца прыбраць са школьнай праграмы курс полавага выхавання. Ён выступае супраць усяго таго, што называе «культурным марксізмам», а ў нашым рэгіёне звычайна называюць «лібералізмам».

У сферы эканомікі новы прэзідэнт абяцае маштабную прыватызацыю і змяншэнне дзяржаўных выдаткаў.

210-мільённая Бразілія становіцца эксперыментальнай пляцоўкай новага кансерватызму. Біржа адрэагавала на прыход новага прэзідэнта вялікім ростам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?