Пастаўкі расійскай нафты на беларускія НПЗ працягваюцца ў штатным рэжыме, закупкі ажыццяўляюцца на новых умовах, з улікам падаражэння з-за падатковага манеўру, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у канцэрне «Белнафтахім».

«Пастаўкі нафты на заводы ідуць у штатным рэжыме. Заводы закантрактаваныя, цана сфарміраваная з улікам падатковага манеўру», - сказаў прадстаўнік канцэрна.

Як паведамлялася, у адпаведнасці з беларуска-расейскім балансам паставак энергарэсурсаў, у 2019 годзе беларускія НПЗ плануюць закупіць у РФ 18 млн тон нафты, што адпавядае ўзроўню 2018 года.Раней таксама паведамлялася, што ў другой палове снежня 2018 года Мінск і Масква вялі напружаныя перамовы аб магчымым прадастаўленні Беларусі кампенсацыі ў сувязі з падаражэннем бяспошлінных паставак нафты з РФ у сувязі з рэалізацыяй падатковага манеўру.

У выніку манеўру цана бяспошлінных паставак нафты ў Беларусь будзе штогод узрастаць прапарцыйна памяншэнню расійскага экспартнага мыта на нафту. Паводле ацэнкі Мінска, у сувязі з гэтым дадатковыя выдаткі за 2019-2024 гады складуць парадку $ 10,5 млрд, у тым ліку каля $ 400 млн у 2019 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0