Дзмітрый Макарэвіч, фота з сацсетак

Дзмітрый Макарэвіч, фота з сацсетак

Жыхар Бабруйску, 25-гадовы Дзмітрый Макарэвіч, які ваяваў у складзе батальёну «Спарта» на Данбасе, вярнуўся ў Беларусь у красавіку 2018 года, каб памяняць пашпарт. Па вяртанні яго затрымалі за «хуліганства» і пакаралі пазбаўленнем волі на паўтара года ў калоніі агульнага рэжыму, паведамілі карэспандэнту belsat.eu сваякі Макарэвіча. Адказнасці за ўдзел у баявых дзеяннях беларусу ўдалося пазбегнуць.

Пра тое, што Дзмітрый Макарэвіч (пазыўны «Макар») ваюе на баку «ДНР», стала вядома яшчэ ў 2015 годзе. Разам з жыхаром Лагойскага раёну Сяргеем Савічам («Белым»), ён далучыўся да незаконнага ўзброенага фармавання «Спарта» неўзабаве пасля дэмабілізацыі з беларускага войска. Абодва беларуса праходзілі тэрміновую службу ў 5-й брыгадзе спецпрызначэння ў Мар’інай Горцы, якая лічыцца элітнай.

У «Спарце» Белы і Макарэвіч патрапілі ў роту выведкі, былі ў адным узводзе. Паводле дадзеных украінскай базы «Міратворац», у снежні 2016 года ў раёне пасёлка Пескі Макарэвіч атрымаў раненне. Калі мы звязваліся з ім летам 2017-га, ён пацвердзіў, што «пакуль выехаў з ДНР» і знаходзіцца пад Растовам, але збіраецца ў Маскву. Хутчэй за ўсё, у Расеі Макарэвіч рэабілітаваўся пасля траўмы.

Як паведаміў belsat.eu стрыечны брат баевіка, той прыехаў у Беларусь у мінулым красавіку.

«Ён вельмі моцна кульгаў, былі праблемы з нагой пасля ранення. Падаецца, гэта здарылася праз выбух міны… Мы паспелі пабачыцца, а праз некалькі дзён яго маці сказала, што Дзіму затрымала міліцыя», — кажа брат.

Маці Макарэвіча сцвярджае: сын ніколі не ваяваў, жыў «мірным жыццём», завёў на Данбасе новую сямʼю (з першай жонкай Макарэвіч развёўся да адʼезду на Данбас). Жанчына пераконвае, што ніякага дачынення да баевікоў ён не мае, а ў турму трапіў праз выпадковы канфлікт.

«У Дзімы сканчаўся тэрмін дзеяння пашпарту, таму ў красавіку ён прыехаў дадому памяняць дакументы. Ён не тое, каб быў пʼяны, проста заступіўся за сябра, завязалася бойка з адным чалавекам.

Іх з сябрам затрымалі за хуліганства. Трымалі ў Бабруйску ў СІЗА. Следства цягнулася да лістапада. Ад адваката ён адмовіўся сам. Канешне, я спадзявалася, што дадуць умоўны тэрмін, але суд даў паўтара года агульнага рэжыму. Сябру, з улікам ранейшай судзімасці, далі болей», — гаворыць маці Макарэвіча.

Паводле яе словаў, пакуль Макарэвіч не паведамляў у лістах, куды яго этапавалі, але, імаверна, гэта або Наваполацк, або Магілёў.

«Яму засталося сядзець 10 месяцаў. Вось адседзіць, выйдзе на волю і будзе са мной побач, будзе жыць у Беларусі. Ён змяніўся, плануе памірыцца з жонкай», — дадае маці.

Макарэвіч свайго ўдзелу ў вайне не хаваў: на ягонай старонцы «Вконтакте» можна было ўбачыць фотаздымкі, дзе ён пазіруе са зброяй і з шаўронам «Спарты». Праз некаторы час здымкі былі выдаленыя.

Макарэвіча добра памятаюць і саслужыўцы з «ДНР». Гэтак, яшчэ адзін экс-баявік, які перыядычна наведвае Беларусь, распавёў нам, што асабіста з ім знаёмы. Раней пра Макарэвіча згадваў у інтэрвʼю і былы спецназавец «Белы».

Такім чынам, на сёння Дзмітрый Макарэвіч змог пазбегнуць крымінальнай адказнасці за ўдзел у вайне на Данбасе на баку «ДНР».

Паводле беларускага заканадаўства, удзел ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі іншай дзяржавы без упаўнаважання Беларусі караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, пры наяўнасці прыкметаў вербавання — да дзесяці гадоў (ч. 1, 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу). Адпаведны закон быў прыняты ў красавіку 2016 года, каб прыцягваць да адказнасці «нават тых, хто едзе ваяваць з ідэйных перакананняў». Пры ўдзеле ў баявых дзеяннях з мэтай атрымання грашовай узнагароды, арт. 133 КК «Найміцтва» прадугледжвае максімальную санкцыю да сямі гадоў турмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?