Расійскі ліберальны палітолаг Андрэй Піянткоўскі на сайце kasparov.ru падводзіў вынікі 2018 года. Праз усё інтэрв’ю праходзіла тэма магчымага далучэння Беларусі да Расіі.

Аналітык мяркуе, што ў Пуціна скончылася цярпенне ў дачыненні Беларусі. «Лукашэнка павінен у найбліжэйшы час зрабіць свой выбар. Альбо падпарадкавацца, і тады яму забяспечаць ціхую і спакойную старасць, а можа быць, нават і сыноў уладкуюць, альбо з велізарнай для сябе рызыкай працягнуць тое, чым ён займаецца ўжо больш за 20 гадоў — супраціў крамлёўскаму аншлюсу.

Лукашэнка — чалавек авантурнага складу, надзвычай амбіцыйны, я зусім не выключаю, што ён можа абраць шлях змагара за захаванне беларускай незалежнасці. І я не сумняваюся, што большасць беларусаў яго ў гэтым падтрымаюць. Пытанне толькі ў тым, да каго больш лаяльныя беларускія сілавыя структуры: да свайго прэзідэнта або агентаў Масквы, якія, безумоўна, іх праймаюць зверху данізу», — лічыць Піянткоўскі.

Адметна, што падзеі 1994 года расійскі палітолаг называе пераваротам і лічыць, што менавіта Масква дапамагла Лукашэнку прыйсці да ўлады ў Беларусі.

«Большасць беларускага народа не падтрымлівае аншлюс. Гістарычна гэта заслуга Лукашэнкі, які чвэрць стагоддзя захоўваў незалежнасць Беларусі. Масква зрабіла недарэчную памылку, калі замяніла старых савецкіх функцыянераў накшталт Шарэцкага і Кебіча на Лукашэнку. Тых людзей ёй бы ўдалося ўцягнуць у Расійскую Федэрацыю ў якасці шасці абласцей.

А Лукашэнка змагаўся. Натуральна, ён рабіў гэта дзеля сябе, для ўтрымання асабістай улады. Але за гэтыя гады ў Беларусі вырасла нацыянальная самасвядомасць, якой у 1991 годзе не было з-за шэрагу прычын. Цяпер супраціў агрэсару будзе масавым», — мяркуе палітолаг.

Таксама Піянткоўскі выказаў думку, што эканамічны шантаж Масквы Беларусь зможа вытрымаць, калі звернецца па дапамогу да «кітайскіх спонсараў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?