У абласным цэнтры міліцыя затрымала жыхара Гродзенскага раёна. Мужчыну 1982 года нараджэння падазраюць у асабліва злосным хуліганстве. Ад яго дзеянняў пацярпеў 20-гадовы студэнт з Індыі, паведамляе сайт uvd.grodno.by.

Здарэнне адбылося ў тамбуры адной з крам 2 студзеня. Падазраваны стукнуў пацярпелага піўной пляшкай па галаве, у выніку чаго зламаў яму нос. Са слоў затрыманага, ён так зрабіў у адказ на нецэнзурнае слова з боку іншаземца.

Хутчэй за ўсё, мужчыну здалося. Індыец па-беларуску і па-руску не гаворыць. Падазраваны раней судзімы за рабаванне, нідзе не працуе і ў момант здарэння быў п’яны.

Міліцыя яго затрымала на кватэры ў сябра, куды ён прыехаў некалькі дзён таму на навагоднія святы.