Кампанія «Варгеймінг», стваральнік гульні «Свет танкаў», будзе плаціць стыпендыі студэнтам БДУ.

Як паведамляе прэс-служба ўніверсітэта, прэтэндаваць на атрыманне стыпендый могуць студэнты 2-3 курсаў чатырох факультэтаў БДУ: фізічнага, хімічнага, прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, а таксама радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій.

Формай адбору абраны конкурс, згодна з якім кандыдатам неабходна мець высокую ацэнку паспяховасці, матывацыйнае эсэ, а таксама займацца навукова-даследчай дзейнасцю. Усяго будзе выдзелена 16 стыпендый — па чатыры на кожны названы факультэт.

Пры паспяховай рэалізацыі пілотнага праекта плануецца пашырэнне колькасці ўдзельнікаў як за кошт іншых факультэтаў БДУ, так і беларускіх ВНУ.