Ілюстрацыйнае фота Сяргея Гудзіліна

Ілюстрацыйнае фота Сяргея Гудзіліна

У лістападзе студэнтка ўлікова-эканамічнага факультэту БДЭУ напісала заяву аб выхадзе з БРСМ праз рэлігійныя перакананьні. Сёньня яна знайшла ў паштовай скрыні ліст з рашэньнем пярвічнай арганізацыі, перадае Радыё Свабода.

Заяву аб выхадзе з БРСМ на факультэце разглядаць адмовіліся. І параілі зьвярнуцца да намесьніка дэкана ці самога дэкана. Студэнтка пайшла з заявай да намесьніка дэкана, але той накіраваў яе вышэй.

15-га лістапада дэкан факультэту Ўладзімер Беразоўскі прасіў дзяўчыну падумаць, намякаў застацца, прасіў не ганьбіць яго і ў выніку параіў прыйсьці пазьней, каб ён меў час падумаць.

«Не ганьбі мяне». Дэкан не ўхваліў выхаду студэнткі з БРСМ АЎДЫЯ

На наступны дзень дзяўчына напісала афіцыйную заяву аб выхадзе з арганізацыі. Рашэньне аб яе выключэньні з БРСМ было прынятае яшчэ 29 лістапада, але азнаёміцца зь лістом асабіста студэнтка змагла толькі днямі. Да 17 сьнежня яна была абавязана здаць білет чальца БРСМ і значок, але гэты тэрмін ужо перакрочаны. Ці будуць у сувязі з гэтым прынятыя нейкія санкцыі супраць студэнткі, пакуль невядома.

Працэдура прыёму ў сябры і выхаду з БРСМ прапісаная статутам аб’яднаньня. Сяброўства ў БРСМ можа быць спыненае.

  • Па ўласным жаданьні шляхам падачы пісьмовай заявы ў пярвічную арганізацыю ГА «БРСМ».
  • За грубае парушэньне статуту, сыстэматычны няўдзел у працы аб’яднаньня альбо за дзеяньні, якія няславяць дзелавую рэпутацыю і наносяць шкоду цэласнасьці ГА «БРСМ».

Пытаньне аб выключэньні вырашаецца агульным сходам або выбарным органам пярвічнай арганізацыі БРСМ. Таксама гэта можа быць зроблена вышэйшым кіроўным органам. Нідзе ня згадваецца, што расчараванаму ў мэтах і задачах праўладнага саюзу могуць чыніць перашкоды.​

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?