Увечары панядзелка прайшоў паўфінал «Еўрафэста» – беларускага адбору на музычны конкурс «Еўрабачання».Журы вызначыла пяцёрку шчасліўчыкаў, якія возьмуць удзел у студзеньскім фінале.
На сцэне ў студыі Белтэлерадыёкампаніі выступілі 15 канкурсантаў (сола, дуэтам, гуртам ды інш.),
з якіх прафесійнае журы – старшыня Анатоль Ярмоленка (ён выступаў па-беларуску), Ядвіга Паплаўская, Аляксандр Ціхановіч, Васіль Раінчык, Іна Афанасьева, кампазітар Леанід Шырын, першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка ды інш. – выбралі пяцёрку фіналістаў.
Імі сталі:
Пётр Ялфімаў (Eyes that never on), Litesound і Дакота (Carry on), Даменіка (My day), Ветер в голове (Or or and), Gunesh (Fantastic girl),
Хоць квота ў пяць шчасліўчыкаў была занадта. Летась фіналістаў было трое, сёлета таксама было б дастаткова.
Беларуская песня Дакоты (Цябе адчуваю) падалася досыць няўцямнай з незразумелым рускамоўным рэпам аднаго з падтанцоўшчыкаў у камуфляжы (прывітанне брыгадзе 3214?).
Не раўня англамоўнай песні, што Дакота выканала разам з Litesound. А каб яе яшчэ на беларускую перакласці.
А лепшым з канкурсантаў быў Пётра Ялфімаў. Але гэта толькі прыватная думка (наконт песень Дакоты і Ялфімава).
Фінал беларускага конкурсу пройдзе ў студзені. Там беларускага кандадата на конкурс «Еўрабачання» выберуць гледачы.
Конкурс «Еўрабачання» пройдзе ў траўні 2009 г. у Маскве.
Летась Беларусь прадстаўляў Руслан Аляхно, які стаў адным з аўтсайдэраў у адным з паўфіналаў.
P.S.
А найлепей у гэты вечар праспявалі – і выглядалі – Аляксандра і Канстанцін (натуральна, па-за конкурсам) з рэміксам на песню «Мой Галілей», з якой яны выступілі чатыры гады таму на «Еўрабачанні».
Litesound i Дакота
Гюнеш. Пасля конкурсу яна заявіла, што дзеля фіналу гатова памяняць песню на лепшую.
Пётра Ялфімаў.