У Падкарпацкім ваяводзтве Польшчы ў аварыю трапіў аўтобус зь беларускімі лыжнікамі і сноўбардыстамі. Пра гэта паведаміў Свабодзе адзін з пасажыраў аўтобуса.

Здарэньне адбылося каля 17 гадзіны паводле менскага часу ў мясцовасьці Дамастава. Паводле дарожнай службы, на аўтадарозе нумар 19 сутыкнуліся адразу тры аўтамабілі — фура, легкавік і аўтобус.

Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўцу фуры занесла, і ён сутыкнуўся з аўтамабілем Hyundai. Кіроўца аўтобуса, каб пазьбегнуць сутыкненьня, з'ехаў у кювет.

У аўтобусе знаходзілася 57 пасажыраў, грамадзяне Беларусі.

Як паведамляе мясцовая дарожная служба, у аварыі загінулі дзьве асобы. Гэта 40-гадовы мужчына і 39-гадовая жанчына, якія знаходзіліся ў легкавіку Hyundai. Двух пасажыраў ва ўзросьце 2 і 11 гадоў даставілі ў шпіталь.

Сярод грамадзянаў Беларусі, якія ехалі аўтобусам, пацярпелых няма.

Як паведаміў Свабодзе адзін з пасажыраў аўтобусу, некалькі гадзін беларусы правялі ў сядзібе пажарнай службы. Празь дзьве гадзіны іх забраў іншы аўтобус і яны працягнулі падарожжа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?