Тры экіпажы каманды «МАЗ-СПОРТаўта» прайшлі другі этап ралі-рэйду «Дакар-2019», што адбываецца ў Перу, і занялі месцы з 11 па 13-е. Вынікі маглі быць і лепшыя, але МАЗ Сяргея Вязовіча за 200 метраў да фінішу на ўсёй хуткасці перакуліўся ў пясках, распавялі ў прэс-службе Мінскага аўтазавода.

На другім этапе, які збольшага пралягаў уздоўж акіяна, гоншчыкі праехалі спецучастак даўжынёй 342 км. Траса ўключала ў сябе пяшчаныя і гравійныя адрэзкі. На ўчастку з дзюнамі і адбылася непрыемнасць з МАЗам Сяргея Вязовіча. Перад фінішам ён вырашыў абагнаць «камазаўца» Айрата Мардзеева, і, вырваўшыся наперад, трапіў у пясчаную пастку.

yadi.sk

yadi.sk

Грузавік на высокай хуткасці падскочыў, стукнуўся аб «прыступку» і лёг на бок, гоншчыкі пры гэтым не пацярпелі. Як прызнаўся потым пілот, «барацьба ўзяла верх над здаровым сэнсам».

ВІДЭА інцыдэнту

Расійскі экіпаж спыніўся пацікавіцца пра здароўе, але дапамагаць адмовіўся. МАЗ на колы паставіў экіпаж Аляксея Вішнеўскага. Дарэчы, выконваць функцыю выратавальніка для яго не ўпершыню — падобная сітуацыя здарылася і на леташнім «Дакары».

У выніку МАЗ Сяргея Вязовіча пераадолеў спецучастак за 4 гадзіны 21 хвіліну, апынуўшыся на 11-м месцы па выніках этапу і на 12-м — у агульным заліку. Пераможцам заезду зноў стаў расіянін Эдуард Мікалаеў, які апярэдзіў беларусаў на 33 хвіліны.

Аляксей Вішнеўскі прыехаў 12-м. Яго час — амаль 4 гадзіны 23 хвіліны, а адставанне — 35 хвілін. У агульным заліку экіпаж знаходзіцца на 11-й пазіцыі, а розніца ў часе з лідарам гонкі складае 41 хвіліну.

Аляксандр Васілеўскі на другім этапе фінішаваў 13-м (такая ж пазіцыя і ў «абсалюце»), патраціўшы на трасе 4 гадзіны 28 хвілін. Гэта на 40 хвілін больш, чым лепшы камазаўскі экіпаж.

Трэці этап прывядзе гоншчыкаў ў Арэкіпу — акружаны вулканамі горад Перу.

Марафон «Дакар-2019» праходзіць па тэрыторыі Перу. Ралі-рэйд зойме 11 дзён і завершыцца 17 студзеня ў Ліме. Гоншчыкам трэба будзе праехаць каля 5 тыс. км. Больш за палову маршруту пралягае праз пясчаныя трасы з вялізнымі дзюнамі і іншымі перашкодамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0