Выкладчыца і навукоўца Таццяна Шамякіна апублікавала ўспаміны «Як жыла эліта пры сацыялізме — 2». Гэта чарговая частка мемуараў дачкі класіка беларускай літаратуры Івана Шамякіна.

Таццяна Шамякіна. Фота Волі Афіцэравай.

Таццяна Шамякіна. Фота Волі Афіцэравай.

Пачынаецца другая частка з крытыкі сатырычнай паэмы, ці «паэмы», як піша сама Шамякіна, «Сказ пра Лысую гару».

«Нізкапробная падробка, дарэчы, зусім не смешная», — піша пра твор Таццяна Шамякіна.

У БССР «Сказ пра Лысую гару» нарабіў шуму. Невядомыя аўтары ў вельмі з’едлівай і дасціпнай манеры апісалі побыт тагачасных пісьменнікаў у дачным пасёлку. Толькі ў пачатку 2000-х Ніл Гілевіч і Мікола Аўрамчык прызналіся, што твор належаў іх пяру.

«Цяпер, калі практычна ўсе героі паэмы пайшлі ў лепшы свет, успамінаць гэты злосны пасквіль проста непрыстойна», — лічыць аўтарка. Што выклікае такое яе абурэнне? Несправядлівая, на думку Шамякінай, згадка яе бацькі.

Спадарыня Шамякіна пераконвае, што ні да якога дзялення маёмасці Іван Пятровіч дачынення не меў, бо ў яго ўжо было ўласнае лецішча ў пасёлку Ждановічы, якое засталося ў сям'і і па сёння.

«Нікчэмная халупа, якая пайшла ў зямлю, яна стаіць у асяроддзі шыкоўных трохпавярховых катэджаў, якія збудавалі нуварышы на месцы такіх жа гаротных. У пачатку 1990-х нашы суседзі, дзеячы навукі і мастацтва, не маючы сілаў трымаць у парадку нават халупы, прадавалі іх гандлярам-махінатарам і наогул прайдзісветам, якія здолелі адхапіць кавалкі народнага дабра рознымі незаконнымі метадамі», — гаруе Таццяна Іванаўна.

Чытайце. «A які гэта цуд — армянскія марачныя каньякі!» Ён ненавідзеў капіталізм, а жыў у раскошы. Іван Шамякін: багатае жыццё

У яе ўвогуле шмат прэтэнзій да капіталістычнага свету. «Пры капіталізме чалавек — гэта тавар».

Увогуле, Шамякіна лічыць сённяшні стан спраў вынікам змовы лібералаў, якая пачалася ў Расіі з ХІХ ст. Яна лічыць часткай гэтай змовы забойства Ясеніна, ганенні на славянафілаў, услаўленне яўрэяў: «…что касается знаковых для русского самосознания памятников, то тут просто беда! Плисецкой памятник есть — Ула­новой нет. Мандельштаму есть — Заболоцкому нет. Бродскому есть — Рубцову нет. Ростроповичу есть — Свиридову нет», — цытуе яна Юрыя Палякова, а расійскага пісьменніка-нацыяналіста Праханава называе «умнейшим».

Найлепшым часам яна называе 1960-я гады, час сваёй маладосці. У гэты перыяд, лічыць Шамякіна, беларуская літаратура дасягнула найвялікшага ўздыму. «Адна з найбольш развітых у Еўропе».

Праўда, яна мяркуе, што гэта стала магчымым не дзякуючы палітыцы адлігі, якую вёў Хрушчоў. Гэтага кіраўніка СССР Шамякіна ўвогуле называе «нягодным і невукам». Мабыць, найперш за развянчанне культу Сталіна.

У сваіх ранейшых публікацыях выкладчыца раздавала шмат кампліментаў асобе Сталіна.

«Менавіта з Хрушчова наменклатура, пашчыпаная Сталіным, адчула сваю беспакаранасць», — перакананая яна.

Прыкладам чыноўніка такога кшталту Таццяна Шамякіна прыводзіць Васіля Шаура, ураджэнца Лепельскага раёна, які даслужыўся да загадчыка аддзела культуры ЦК КПСС і пры развале СССР вывез са сваёй дачы больш за 200 твораў мастацтва з усяго Саюза.

Пры гэтым Шамякіна піша, што дзеці кіраўнікоў БССР (Кісялёва, Машэрава, Прытыцкага) былі «ціхімі, сціплымі і дружалюбнымі».

Вялікая частка ўспамінаў прысвечаная абмеркаванню сітуацыі з Нобелеўскай прэміяй Барыса Пастэрнака. Іван Шамякін удзельнічаў у палеміцы ў Маскве. Партдзеячы прыйшлі ў абурэнне ад таго, што раман «Доктар Жывага» быў надрукаваны не ў СССР, а ў Італіі, таму настойліва заклікалі Пастэрнака адмовіцца ад прэміі.

У Маскве праходзіў пленум Саюза пісьменнікаў, дзе літаратары выказвалі свае меркаванні аб сітуацыі. Далі слова і Шамякіну: «Шамякін ўстаў і сказаў, што раман не чытаў. Нехта засмяяўся. Хтосьці выгукнуў: «А хто чытаў?»

Адметна, што дакладны аўтар цытаты «не чытаў, але асуджаю» невядомы. Існуюць толькі здагадкі, хто так выказаўся пра «Доктара Жывага». Мабыць, нельга выключаць з патэнцыйных аўтараў фразы і Івана Шамякіна.

Тым больш ягоная дачка актыўна абараняе аўтара гэтай цытаты: «Нічога асаблівага ў гэтым афарызме няма: асуджаўся сам факт перадачы рамана за мяжу. У нас лічыцца ганебным для пісьменнікаў — і справядліва — супрацоўнічаць з савецкімі чэкістамі, але чамусьці не асуджаецца супрацоўніцтва з замежнымі спецслужбамі».

Шамякіна лічыць, што друк і распаўсюджанне «Доктара Жывага» і «Архіпелага ГУЛАГ» Салжаніцына былі аперацыямі ЦРУ. «Гэтая аперацыя наогул завяршылася бліскуча, бо твор шмат у чым спрыяў падрыву даверу народа да савецкай улады», — мяркуе Шамякіна.

Яна цытуе расійскага публіцыста Андрэя Фефелава: «Міф пра ГУЛАГ быў спрытна і таленавіта сканструяваны на Захадзе. Салжаніцын агучыў яго праз існуючую да гэтага часу масонска-пратэстанцка-разведвальную структуру YMKA, якая шчыльна займалася нашай краінай яшчэ з часоў Расейскай імперыі». І тут без масонаў не абышлося.

Сама Шамякіна называе афіцыйную лічбу рэпрэсаваных за перыяд 1921 — 1954 у чатыры мільёны чалавек, 642 тысячы з якіх расстралялі — пра раскулачаных у час калектывізацыі і ахвяр Галадамору яна маўчыць. «Таксама шмат, але ў ельцынскае крымінальнае дзесяцігоддзе загінула значна больш — грамадзяне выміралі па мільёне ў год (забойствы, самагубства), і кожнае пятае дзіця — беспрытульнае», — нават тут знаходзіць апраўданне сталінскаму часу аўтарка. 

Яна прыводзіць прыклад дзеда па матчынай лініі Філата Азаравіча, які змог вярнуцца з высылкі. «Прычым, у адрозненне ад няспынных істэрык ліберальнай публікі, самі рэпрэсаваныя і іх нашчадкі, мае родныя, мама і яе сёстры, заўсёды казалі пра пакуты бацькі з яго слоў: «Значыць, так трэба было», падкрэсліваючы «трэба было». Праўдзіва народны, хрысціянскі погляд на рэчы», — мяркуе Таццяна Іванаўна.

Шамякіна згадала «ліст 42» дзеячаў культуры да прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына ў 1993 годзе. Сярод падпісантаў — двое беларускіх пісьменнікаў. Яна не называе імёны, але пошук у інтэрнэце паказвае, што гаворка вядзецца пра Васіля Быкава і Алеся Адамовіча. У звароце Ельцыну дзеячы культуры прасілі забараніць у краіне фашысцкія, камуністычныя і нацыяналістычныя рухі (чытай, нацысцкія), а таксама закрыць выданні, якія спрыяюць распаўсюду такіх ідэй, — «Правду» і «Літературную Россію».

«Скандальны, абсалютна ганебны ліст, — лічыць Шамякіна. — Такія рэчы не забываюцца! Куды там асуджэнне Барыса Пастэрнака за Нобелеўскую прэмію — дзіцячы лепет у параўнанні з мярзотным даносам, накіраваным супраць сваіх жа братоў па прафесіі».

Пра Быкава яна дадае яшчэ наступнае: «Калі ўспомніць публіцыстычныя выступленні аднаго з падпісантаў у 1990-я гады, яго абяленні латышскіх фашыстаў, яго мары аб скарэйшым выміранні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія не даюць магчымасці ісці краіне па шляху дэмакратыі, то пытанні адпадаюць самі сабой».

У цэнтры яе рэфлексіі — Расія, славянафільства, іх доля. Беларусь з яе ўспамінаў самастойным суб'ектам не паўстае. Гэта проста своеасаблівая частка рускага свету.

На гэты раз успаміны сталіся не настолькі багатымі на каштоўныя сведчанні быту пісьменнікаў, іх сустрэч, сварак, сяброўства, гэта, хутчэй, развагі Таццяны Іванаўны Шамякінай аб палітычным ладзе. Погляды ж гэтыя часам прымушаюць проста паціснуць плячыма.

Чытай яшчэ:

Дачка Шамякіна: «Чаму з’язджаў Быкаў? Смешна ж казаць, што яго тут цкавалі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?