10.01.2019 / 16:52

Выпускнікі БДУ занепакоеныя падзеннем пазіцый ВНУ адразу ў некалькіх сусветных рэйтынгах. Прэс-служба: Гэта спекуляцыя 8

У рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуліся выпускнікі БДУ, якія звярнулі ўвагу на тое, што іх родная навучальная ўстанова пачала імкліва зніжаць пазіцыі ў сусветных рэйтынгах.

«Мы як выпускнікі БДУ хацелі б звярнуць увагу на падзенне БДУ ў сусветных рэйтынгах, якое пачалося ў 2018 годзе. Дзяржаўныя СМІ гэта не апублікуюць, але пра гэта трэба пісаць», — было напісана ў лісце.

Былыя студэнты ў якасці доказаў сваіх слоў прыводзілі спасылкі на артыкулы пра зніжэнне пазіцый у наступных рэйтынгах: Round University Rankings. У 2017-м годзе БДУ займаў там 666-е месца, у 2018-м — ужо 706-е, то бок мінус 40 пазіцый. Таксама звярталася ўвага на наступныя аналізы: QS World University Rankings (з 334-га на 354-е месца, адпаведна); Times Higher Education World University Rankings (мінус 200 пазіцый: з 801+ у 2017-м годзе на 1001+ месца праз год); U.S. Best Global Universities (з 668-га на 697-е месца); The Three University Missions (MosIUR — Маскоўскі міжнародны рэйтынг «Тры місіі універсітэта») — мінус 148 пазіцый.

Прэс-служба БДУ: «Відавочная некампетэнтнасць і недасведчанасць ў гэтым пытанні каментатараў і СМІ»

Мы звярнуліся ў рэктарат БДУ з просьбай распавесці, ці вядзецца нейкая праца над тым, каб аднавіць былыя высокія пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах.

У БДУ нам растлумачылі, што дадзеную статыстыку ў ВНУ ўважліва адсочвае спецыяльная рэйтынгавая група, і што, вядома, праца ў гэтым кірунку вядзецца, бо нават патрапіць у любы рэйтынг — няпростая задача (сусветных рэйтынгаў больш як 20).

Беларускі дзяржаўны універсітэт удзельнічае ў 11 з іх, але прыярытэтнымі для ВНУ з'яўляюцца тры: Шанхайскі, THE і QS.

«Гэтыя рэйтынгі — самыя аўтарытэтныя і прэстыжныя. Іх складальнікі працуюць непасрэдна з дадзенымі ВНУ і ўручную правяраюць ўсю інфармацыю. Дадзеныя рэйтынгі ацэньваюць абмежаваную колькасць вышэйшых навучальных устаноў, у межах 500-1500, і тэндэнцыя БДУ тут пазітыўная: захоўваецца доўгатэрміновы трэнд па ўваходжанню ў лік 2% найлепшых ВНУ свету», — распавялі ў прэс-службе БДУ.

У БДУ звярнулі ўвагу на тое, што змены пазіцый у многіх міжнародных рэйтынгах часцяком звязаныя з павелічэннем колькасці удзельнікаў, а таксама са змяненнямі ў метадалогіі разліку.

Так, сапраўды, калі ў рэйтынгу часопіса Times Higher Education яшчэ ў 2017-м годзе ўдзельнічалі да 1000 ВНУ, то ў 2018-м іх лік дасягнуў 1258.

«Невялікія ваганні (20—50 пазіцый уверх/уніз) не з’яўляюцца значнымі і адбываюцца рэгулярна практычна з усімі ВНУ. Напрыклад, БДУ ў QS World University Rankings у 2011—2012 гадах размяшчаўся ў групе 501—550, у 2013-м — 551—600, у 2014-м — 491-500, у 2015-м — 421—430, у 2016-м — 354 месца, у 2017-м — 334-е. А ў 2018 годзе вярнуўся на ўзровень 2016-га года — 354 месца.

У сваю чаргу, Маскоўскі міжнародны рэйтынг «Тры місіі універсітэта» (The Three University Missions, MosIUR) арыентаваны на спецыфіку расійскай адукацыі. У 2017-м годзе ён запусціў пілотную версію, уключыўшы каля 250 ВНУ, а ў лістападзе 2018-га года гэты рэйтынг пашырыў пул да 500 універсітэтаў. Адпаведна, пазіцыя БДУ памянялася прапарцыйна павелічэнню колькасці ўдзельнікаў. Аналагічная сітуацыя адбылася з рэйтынгам THE. C 2015 года колькасць ВНУ ў ім павялічылася з 800 да 1258», — звяртаюць увагу ў БДУ.

Што тычыцца дзеянняў, якія БДУ праводзіць, каб захаваць і павысіць свае пазіцыі ў рэйтынгах — дзеля гэтых мэт на месцы рэалізуецца доўгатэрміновая «Дарожная карта». Яна ўключае комплекс мерапрыемстваў па аказанні дапамогі выкладчыкам, навуковым супрацоўнікам, аспірантам і магістрантам пры падрыхтоўцы і публікацыі навуковых артыкулаў у вядучых замежных часопісах, а таксама прадугледжвае матэрыяльнае заахвочванне аўтараў за публікацыйную актыўнасць у часопісах, уключаных у базу дадзеных Scopus.

«Тэма рэйтынгаў ВНУ сёння дэманструе пэўную некампетэнтнасць і недасведчанасць ў гэтым пытанні. Як вынік — дыскрымінацыя іміджу ўніверсітэта, спекуляцыя на гэтую тэму і наяўнасць непісьменных каментароў і публікацый у асобных СМІ. Рэкамендуем чытачам «Нашай Нівы» аб'ектыўна ацэньваць усе крыніцы, якія інтэрпрэтуюць тыя ці іншыя факты ў дачыненні да беларускай вышэйшай адукацыі», — падсумавалі ў БДУ.

Кацярына Карпіцкая

1
Перфекцыяніст / Адказаць
10.01.2019 / 17:13
Усё што патрэбна ведаць пра БДУ:
"У IT-краіне студэнты павінны вывучаць сучасныя тэхналогіі, і вось у БДУ на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі ўвялі дысцыпліну «Воблачныя інфармацыйныя тэхналогіі». Здавалася б, усё добра, правільна робяць. Але ў твітэры карыстальнік @nadvorie апублікаваў сканы экзаменацыйных пытанняў - і мы не знайшлі ніводнага пытання па тэме. Гэта больш падобна на экзамены па філасофіі, чым па тэхналогіях.
Выкладчык па гэтым прадмеце, хутчэй за ўсё, Рагальскі Яўген Сяргеевіч. Адзначым, што сярод яго дасягненняў - грамата-медаль «За духоўнае адраджэнне Экзархата Расіі», а таксама юбілейны медаль .
0
user / Адказаць
10.01.2019 / 17:16
 У 2017-м годзе БДУ займаў там 666-е месца
Шикарно)))
4
кеша коршатый / Адказаць
10.01.2019 / 17:18
А чё они "занепакоены", белорусскими дипломами лишь подтереться в сельском туалете))))))
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру