10.01.2019 / 17:49

Пад Слуцкам хлопчык спрабаваў дастаць чалавека з палаючай хаты, пакуль дарослыя побач здымалі пажар на тэлефон 5

15-гадовы жыхар Малой Падзеры на Случчыне Данііл Жданко не пабаяўся кінуцца ў палаючы дом, каб выратаваць суседа. Ён выбіў уваходныя дзверы, але не змог увайсці праз дым, які вырваўся з памяшкання яму ў твар. Валерый Барцэвіч, што праязджаў міма, кіроўца «газелі» Слуцкага цэнтра сацабслугоўвання, вынес з палаючага дома напаўжывога гаспадара — 66-гадовага Валерыя. Суседзі і ўдзельнікі падзей распавялі «Кур'еру», як усё было.

Хлопчык вучыцца ў дзявятым класе Слуцкай СШ № 13. У аўторак, 8 студзеня, каля трох гадзін дня Данііл вяртаўся дадому са школы. Ён ішоў па вясковай вуліцы і, падыходзячы бліжэй, убачыў, што гарыць суседская хата. Побач стаялі пяцёра дарослых. З іх пара пажылых суседзяў і трое маладых людзей, якія здымалі на тэлефон. Калі падлетак забег у двор, назіральнікі сталі крычаць, каб ён не ішоў у хату. Міма праязджалі людзі, якія проста пыталіся, ці выклікалі пажарных, і ехалі далей.

Данііл Жданко каля дома, у якім ледзь не загінуў аднавясковец. Фота: Вольга Канановіч.

З расказу хлопца

Суседка нешта крычала, але я не разумеў нічога і не ведаў, што рабіць. А побач з палаючай хатай бегаў сабака. Я ведаю, што сабака бегае там, дзе яго гаспадар. Тады я падбег да дома і пачаў біць шыбы палкамі і крычаць. Думаў, што мяне нехта пачуе і адгукнецца. Потым дарослыя прапанавалі мне выбіць дзверы, але на дапамогу ніхто не ішоў, — успамінае Данііл.

Хлопец зрабіў некалькі спробаў, каб выбіць уваходныя дзверы. Калі яны ўсё ж паддаліся, з праёма вылецеў «здаравенны» чорны клуб дыму, ад якога падлетак стаў кашляць. З'явіўся невядомы мужчына. Данііл крыкнуў, што ў хаце нехта ёсць, бо дзверы былі зачынены знутры. Мужчына не разгубіўся і забег у палаючы дом. У праёме, амаль ля ўваходных дзвярэй, без прытомнасці ляжаў гаспадар.

З расказу героя

Супрацоўнік сацыяльнай службы, кіроўца «газелі» Валер Барцэвіч быў у вёсцы па працы разам з супрацоўніцай. Калі яны вярталіся ў горад, на шляху ўбачылі палаючы дом.

— Полымя было вельмі моцнае і высокае. Метра паўтара-два. Бачу, людзі стаяць уздоўж дарогі, крычаць, што ў хаце нехта ёсць. Я пабег з адваротнага боку веранды праз агарод. Побач бегаў нейкі хлопчык, падлетак мабыць. Я адчыніў дзверы, але з-за дыму не было нічога відаць. Ступіў два крокі, наткнуўся на чалавека і выцягнуў яго на паветра. Выратаваў. Калі б я яго не выцягнуў, ён бы згарэў, — распавёў мужчына ў гутарцы з карэспандэнтам газеты «Кур'ер».

Веранда згарэлай хаты. Фота: Вольга Канановіч.

З расказу суседзяў

Суседка Зінаіда Валянцінаўна ў той дзень падышла да акна, каб паставіць на зарадку мабільны тэлефон. Жанчына ўбачыла, што з суседняга дома валіць моцны дым. Яна сказала мужу, што ў суседа пажар. Леанід Міхайлавіч адразу выклікаў МНС.

— Мы з мужам выбеглі на вуліцу і ўбачылі, што ідзе Данік са школы. Я папрасіла яго паглядзець, ці вісіць замок з адваротнага боку веранды. Валера звычайна заходзіць праз заднія дзверы, а наперадзе ў яго замок вісіць. Даня пайшоў адразу ж і стаў выбіваць дзверы, а адтуль дым слупам. А потым бачым, едзе машына. Мы кіроўцу сталі крычаць, што ў хаце ёсць чалавек. Ён пабег і выцягнуў суседа, — распавяла Зінаіда Валянцінаўна.

— Пажарная прыехала хутка. З самой Нежаўкі за пяць хвілін прыехалі. Малайцы! Валеру, калі вынеслі, у яго адзін бок твару і рука былі абгарэлыя. Калі б не Данік, мы б і не ведалі, што ў хаце нехта ёсць, — сказаў Леанід Міхайлавіч.

66-гадовага Валерыя даставілі ў Слуцкую лякарню з апёкамі 2% твару другой ступені і атручваннем чадам.

1
фелікс / Адказаць
10.01.2019 / 18:04
Случакі. Гены не падманеш.
0
Базыль / Адказаць
10.01.2019 / 18:14
Хлопец маладзец - сапраўдны герой! 
Пра "назіральнікаў" і "аператараў" не буду гаварыць, каб мадэратару лішняй работы не дадаваць...
0
Владимир.Бобруйск / Адказаць
10.01.2019 / 19:24
Слуцкий райисполком,школа,МЧС, сложитесь и купите парню компьютер или ноутбук!Но только не дешевые китайские часы.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру